Леў XIV: манаскае жыццё – школа братэрскага служэння
Аляксандр Панчанка - Vatican News
У першую чаргу Пантыфік нагадаў, што малітва і малітоўнае чытанне Божага слова, асабліва “Lectio divina”, дапамагаюць лепш зразумець саміх сябе, прызнаваць уласныя слабасці і грахі, а таксама распальваюць жаданне прыналежаць Пану і заставацца вернымі абяцанню пасвячэння.
“Таму няхай Святое Пісанне заўсёды будзе пасілкам у вашым сузіранні і штодзённым жыцці, каб вы маглі дзяліцца гэтым досведам, які ператварае”, - сказаў Леў XIV.
Братэрскае служэнне
Папа заўважыў, што шлях асвячэння, нават калі багаты запалам і натхненнем, не можа абмяжоўвацца простым асабістым шляхам, але патрабуе супольнасці, каб любоў да Хрыста знаходзіла выраз у братэрскім служэнні.
“У такім сэнсе сінадальнасць, якую Папа Францішак прасоўваў у сілу яе фундаментальнага значэння для хрысціянскага жыцця, выяўляецца ў кляштары ў штодзённым практыкаванні “супольнага шляху”, узаемнага слухання, у сумесным распазнаванні пад кіраўніцтвам Святога Духа, у еднасці з мясцовым Касцёлам і манаскай бэнэдыктынскай супольнасцю”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Сведчанне для свету
“Кляўзура не можа разумецца як простая закрытасць ад знешняга свету. Яна з’яўляецца прыладай для таго, каб у сэрцы вучаніцы ўзрастала любоў, падобная да любові Настаўніка, гатовая да дзялення і аказання дапамогі, нават паміж кляштарамі. Такім чынам манаскае жыццё будзе ўсё больш станавіцца ў свеце, часта адзначаным засяроджанасцю на сабе і індывідуалізмам, узорам для ўсяго Божага народа, нагадваючы, што быць місіянерам – гэта перш за ўсё не рабіць справы, а мець пэўны лад быцця і жыць у адносінах”, - падкрэсліў Пантыфік.
Заступніцкая малітва
Леў XIV нагадаў, што адным з важных аспектаў місіі кляўзуровых супольнасцяў з’яўляецца заступніцкая малітва. У якасці прыкладу ён указаў на евангельскую прарочыцу Ганну, якая “не адыходзіла ад святыні, пастамі і малітвамі служачы Богу ўдзень і ўначы” (Лк 2,37).
“Застаўшыся ўдавой і будучы ўжо пажылой жанчынай, яна зрабіла Божы дом сваім домам. Малітва і аскетызм дазволілі ёй распазнаць Месію ў бедным і незнаёмым дзіцятку, прынесеным Марыяй і Юзафам; дазволілі ёй зразумець дзеянне Бога ў гісторыі і сведчыць пра яго з радасцю і надзеяй перад усім народам Ізраэля”, - сказаў Пантыфік.
Божая справа
Святы Айцец заахвоціў клапаціцца пра няспынную фармацыю, якая павінна дапамагаць ім “пазнаваць любоў Хрыста, што пераўзыходзіць усякае пазнанне”, і належным чынам служыць кляштару, Касцёлу і свету. “Дарагія, дзякую за вялізарнае і непрыкметнае дабро, якое вы робіце Касцёлу праз вашу ахвяру і нястомную малітву. Працягвайце гэту справу, бо яна – Божая справа”, - завяршыў прамову Леў XIV.
