Падарожжы, пасвячэнні і ўрачыстасці: расклад цэлебрацый Льва XIV
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Служба папскіх літургічных цэлебрацый паведаміла, што з 13 па 23 красавіка 2026 года Леў XIV здзейсніць Апостальскае падарожжа на афрыканскі кантынент, падчас якога наведае чатыры краіны: Алжыр, Камерун, Анголу і Экватарыяльную Гвінею.
26 красавіка, падчас святой Імшы ў Базіліцы Святога Пятра, Пантыфік удзеліць прэзбітэрскія пасвячэнні, а 2 мая, падчас святой Імшы ў Базіліцы Святога Яна на Латэране – біскупскія.
8 мая – у першую гадавіну свайго абрання Біскупам Рыма – Папа адправіцца ў Пампеі і Неапаль. Падчас гэтага пастырскага візіту ён будзе цэлебраваць святую Імшу ў пампейскім санктуарыі Маці Божай Ружанцовай.
У нядзелю 24 мая Леў XIV узначаліць урачыстую цэлебрацыю з нагоды ўрачыстасці Спаслання Святога Духа. Літургія пройдзе ў Базіліцы Святога Пятра ў Ватыкане.
З 6 па 12 чэрвеня Пантыфік здзейсніць Апостальскае падарожжа ў Іспанію, праграма якога прадугледжвае наведванне Мадрыда, Барселоны і Канарскіх астравоў.
20 чэрвеня адбудзецца аднадзённая пілігрымка Папы да магілы святога Аўгустына, які пахаваны ў Базіліцы Сан-П’етра-ін-Чэль-д’Ора ў горадзе Павія на поўначы Італіі. Там Святы Айцец узначаліць малітву Нешпараў.
29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, Леў XIV будзе цэлебраваць святую Імшу ў Базіліцы Святога Пятра ў Ватыкане, падчас якой благаславіць і накладзе паліі новым арцыбіскупам-мітрапалітам.
4 ліпеня Святы Айцец здзейсніць пастырскі візіт на італьянскі востраў Лампедуза, які знаходзіцца ў Міжземным моры на ажыўленым міграцыйным шляху з Паўночнай Афрыкі ў Еўропу.
