Леў XIV да духавенства Анголы: будуйце мір, дапамагайце развіццю

Пантыфік сустрэўся з духавенствам Анголы, заклікаўшы біскупаў, святароў і кансэкраваных асоб да вернасці пакліканню, будаўніцтва міру і сапраўднага служэння мясцоваму грамадству.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Увечары 20 красавіка 2026 года Леў XIV прыбыў у парафію Маці Божай Фацімскай у Луандзе. Ля ўвахода ў святыню яго сустрэлі двое дзяцей, якія ўручылі госцю кветкі. Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў, арцыбіскуп Саурыма Жазэ Мануэль Імбамба, разам з пробашчам прывіталі Пантыфіка. Пасля ўшанавання крыжа і акраплення вернікаў асвечанай вадой Святы Айцец прайшоў да алтара пад урачысты спеў хору.

Сама гістарычная базіліка была пабудавана братамі-капуцынамі ў 1963 годзе, а ў яе падмурак быў закладзены камень з партугальскай Фацімы.

На сустрэчы прагучалі сведчанні святара, катэхізатара і дзвюх законніц, пасля чаго Папа звярнуўся да сабраных з глыбокай аналітычнай прамовай.

У сваім слове Леў XIV шчыра падзякаваў усім, хто служыць Евангеллю ў Анголе. Ён адзначыў іх працу ў галіне евангелізацыі, дабрачыннасці і пабудовы міру.

Звяртаючыся да шматлікіх маладых людзей у семінарыях і дамах фармацыі, Папа заклікаў іх не баяцца сказаць Хрысту сваё "так". Цытуючы словы Бэнэдыкта XVI, ён нагадаў, што Бог "нічога не забірае, Ён дае ўсё", а адзінае, што Ён сапраўды здымае з нашых плячэй – гэта грэх.

Асаблівую ўвагу Пантыфік звярнуў на ролю свецкіх вернікаў у Афрыцы, назваўшы служэнне катэхізатараў фундаментальным выразам жыцця Касцёла і натхненнем для ўсяго свету.

У кантэксце пяцідзесяцігоддзя незалежнасці Анголы Леў XIV падкрэсліў, што сучаснасць і будучыня краіны належаць яе грамадзянам, якія маюць поўнае права карыстацца яе дабротамі справядліва. Аднак для вучняў Хрыста гэта яшчэ і абавязак, заснаваны на законе любові.

Папа ўзгадаў бягучую трохгадовую пастырскую праграму пад дэвізам "Верныя вучні, радасныя вучні", заахвоціўшы святароў да няспыннай фармацыі. Ён перасцярог ад небяспечнай ілюзіі забабонаў, заклікаўшы ратаваць ад іх давераных вернікаў праз сур'ёзнае вывучэнне тэалогіі і глыбокае ўнутранае жыццё.

Без сузіральнага вымярэння і малітвы, паводле слоў Папы Францішка, якія працытаваў Леў XIV, немагчыма заставацца паслядоўнымі Евангеллю і адлюстроўваць сілу Уваскрослага.

Пантыфік таксама звярнуўся да праблемы касцельнага адзінства і стылю жыцця духавенства. Ён папрасіў пазбягаць пыхі, аўтаномнасці і пошуку прывілеяў. Святары не павінны аддаляцца ад свайго народа, асабліва ад самых бедных.

Леў XIV выказаў глыбокую ўдзячнасць сем'ям, якія сталі калыскай пакліканняў для многіх прысутных, і папрасіў бацькоў пастаянна падтрымліваць сваіх дзяцей малітвай і добрымі парадамі.

Завяршаючы сустрэчу, Святы Айцец нагадаў пра важнасць будаўніцтва міру ў краіне, якая перажыла балючыя часы ўзброеных канфліктаў.

Духавенства Анголы заўсёды праяўляла мужнасць, асуджаючы вайну і застаючыся побач са сваім народам. Але, як адзначыў Папа, гэтая праца яшчэ зусім не скончана. Спасылаючыся на вучэнне святога Паўла VI, ён нагадаў прысутным, што "развіццё – гэта новае імя міру".

Леў XIV заклікаў з мудрасцю ацэньваць рэчаіснасць, не баяцца выкрываць несправядлівасць і працягваць высакародную працу ў галіне адукацыі і аховы здароўя. Ён узгадаў гераічных місіянераў і мясцовых вернікаў, якія ахвяравалі сваім жыццём дзеля Евангелля, аддаючы перавагу смерці перад здрадай справядлівасці і міру, і даручыў усіх апецы Маці Божай.

Сустрэча завяршылася супольнай малітвай "Ойча наш", апостальскім благаслаўленнем і фінальным спевам. Пасля гэтага Пантыфік накіраваўся на аўтамабілі ў мясцовую апостальскую нунцыятуру – сваю афіцыйную рэзідэнцыю на час знаходжання ў Анголе, дзе ў яго праграме была запланавана прыватная вячэра.
 

20 красавіка 2026, 19:32