Папа ў Анголе. Ілюстрацыйнае фота Папа ў Анголе. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Леў XIV вылецеў у Саурыма: пачатак новага дня ў Анголе

Святы Айцец распачаў другі этап свайго знаходжання ў Анголе. Раніцай 20 красавіка 2026 года ён вылецеў з Луанды ў горад Саурыма, дзе правядзе першую палову дня.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сённяшні дзень для Пантыфіка пачаўся з пераезду ў Міжнародны аэрапорт сталіцы "4 лютага". Аўтамабільны картэж пераадолеў адлегласць у 27 кіламетраў, прыбыўшы на месца прыкладна ў 07.40 па мясцовым часе. Там Папу сустракалі і праводзілі прадстаўнікі мясцовых улад, пасля чаго Леў XIV узышоў на борт самалёта.

Каля 8.00 самалёт авіякампаніі "TAAG A220" падняўся ў паветра. Падчас гэтага кароткага пералёту даўжынёй 945 кіламетраў Святы Айцец па традыцыі паразмаўляе з экіпажам, запланаваны невялікі сняданак і агульнае фота. Маршрут пралягае над тэрыторыяй Анголы, застаючыся ў межах аднаго часавага пояса.

Чакаецца, што каля 09.20 лайнер здзейсніць пасадку ў аэрапорце Саурыма "Дэалінда Радрыгес". Гэты горад, які з’яўляецца сталіцай правінцыі Лунда-Сул, месціцца на вышыні 1081 метр над узроўнем мора.

Рэгіён, куды накіроўваецца Леў XIV, мае адметнае мінулае: да сярэдзіны ХХ стагоддзя горад Саурыма быў вядомы як Энрыке-дэ-Карвалью – імя было дадзена ў гонар партугальскага даследчыка, які ў 1884 годзе пачаў знаёмства з мясцовымі народамі Лунда-Чоквэ.

Згодна з праграмай візіту, у Саўрыма Леў XIV узначаліць святую Імшу, на якой будуць прысутнічаць каля 30 тысяч вернікаў, а таксама наведае пансіянат для пажылых людзей.

Прысутнасць Наступніка Пятра ў гэтым краі, хоць і будзе кароткай, сведчыць пра асаблівую ўвагу, якую Касцёл надае вернікам у аддаленых ад сталіцы правінцыях.

Пасля завяршэння праграмы ў Саурыма Леў XIV плануе вярнуцца назад у Луанду ў другой палове дня. Там у яго яшчэ запланавана сустрэча з мясцовай іерархіяй і духавенствам.
 

20 красавіка 2026, 09:23