Папа: веліч грамадства вымяраецца любоўю да слабых
Аляксандр Амяльчэня – Vatican News
У рамках свайго апостальскага падарожжа па Афрыцы Святы Айцец наведаў 21 красавіка 2026 года псіхіятрычны шпіталь "Jean-Pierre Olie" ў сталіцы Экватарыяльнай Гвінеі.
Сустрэча, напоўненая нацыянальнымі спевамі і танцамі, стала глыбокім момантам сведчання аб неад’емнай чалавечай годнасці. Пантыфік прызнаўся, што кожнае наведванне бальніцы выклікае ў яго дваістае пачуццё: глыбокі боль за пакуты пацыентаў і адначасова шчырае захапленне тым штодзённым служэннем жыццю, якое здзяйсняюць медыкі.
Цывілізацыя любові пачынаецца з прызнання годнасці кожнага чалавека
Звяртаючыся да прысутных, Леў XIV адзначыў, што сапраўдная веліч народа вымяраецца не эканамічнымі паказчыкамі, а стаўленнем да самых слабых. Ён асабліва падкрэсліў ролю хрысціянства ў пераасэнсаванні пакут: менавіта Хрыстус вярнуў людзям з абмежаванымі магчымасцямі іх поўную годнасць, вызваліўшы іх ад ценю старажытных праклёнаў.
Асабліва кранальным момантам стала рэакцыя Святога Айца на словы пацыента Педра Чэлесціна, які падзякаваў за тое, што іх любяць "такімі, якія яны ёсць". Пантыфік пагадзіўся з гэтай думкай, але дадаў важную заўвагу: Бог прымае нас у любым стане, аднак Яго любоў заўсёды скіравана на вылячэнне.
Паводле слоў Папы, касцельны шпіталь павінен заставацца месцам, дзе чалавека паважаюць у яго абмежаваннях, прапаноўваючы цэласную дапамогу, у якой духоўны аспект з’яўляецца неад’емнай часткай тэрапіі.
Хрысціянскі шпіталь – гэта месца, дзе духоўнасць і медыцына сустракаюцца для аздараўлення асобы
Завяршаючы сустрэчу, Леў XIV звярнуў увагу на "схаваную паэзію" штодзённасці – тыя дробныя жэсты ўвагі і пяшчоты, што існуюць паміж хворымі і персаналам. Гэтыя нябачныя свету "вершы", на думку Пантыфіка, суцяшаюць Сэрца Хрыста больш за любыя словы.
Пасля благаслаўлення Святы Айцец азнаёміўся з выставай мастацкіх работ пацыентаў, што стала яскравым сведчаннем іх творчай сілы.
Сёння Льва XIV чакае яшчэ адна сустрэча. У Доме арцыбіскупа ў яго адбудзецца прыватны дыялог з біскупамі Экватарыяльнай Гвінеі.
