Леў XIV ухваліў дэкрэты Дыкастэрыі па справах кананізацыі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
У першую чаргу гаворка ідзе пра прызнанне мучаніцтва айца Станіслаа Артэгі Гарсіі і яго 48 паплечнікаў, манахаў з кангрэгацыі Братоў хрысціянскага выхавання святога Габрыэля, а таксама ксяндза Мануэля Бэрэнгуэра Клусела, дыяцэзіяльнага святара, забітых з нянавісці да веры паміж ліпенем і лістападам 1936 года ў розных месцах іспанскай Каталоніі ў кантэксце антырэлігійнага пераследу.
Пантыфік ухваліў таксама публікацыю дэкрэта аб прызнанні ахвяравання жыцця, якое здзейсніў свецкі вернік Пэдра Мануэль Салада Альба, член асацыяцыі “Hogar de Nazaret”, які нарадзіўся ў 1968 годзе ў Іспаніі і памёр у 2012 годзе ў Эквадоры.
Яшчэ тры дэкрэты, падрыхтаваныя Дыкастэрыяй па справах кананізацыі, датычаць прызнання гераічнасці цнотаў. Гаворка ідзе пра італьянскую кармелітку, сястру Марыю Элету ад Езуса (свецкае імя Катарына Трамадзолі), якая нарадзілася ў 1605 годзе ў горадзе Тэрні і памерла ў 1663 годзе ў Празе, цяпер сталіцы Чэшскай Рэспублікі; нідэрландскую кармелітку, сястру Марыю Тэрэзу ад Найсвяцейшай Тройцы (свецкае імя Тэрэза Ісэльдэйк), якая нарадзілася ў 1897 годзе ў Апелдорне і памерла ў 1926 годзе ў Сэнт-Луісе ў ЗША; а таксама пра італьянку Рафаэлу Дэ Джавану, заснавальніцу кангрэгацыі Сясцёр Тэрцыярак Святога Францішка з Паолы, якая нарадзілася ў 1870 годзе ў Генуі і памерла там жа ў 1933 годзе.
