Вернікі на Плошчы Святога Пятра падчас малітвы "Regina Caeli" Вернікі на Плошчы Святога Пятра падчас малітвы "Regina Caeli"  (@Vatican Media)

Велікодны заклік Папы: праз спорт да еднасці і спакою

Леў XIV заклікаў зрабіць спорт пляцоўкай для інклюзіі і міру, нагадаўшы пра яго здольнасць аб’ядноўваць людзей розных культур праз універсальную мову братэрства.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас сустрэчы з пілігрымамі, якая адбылася ў Велікодны панядзелак 6 красавіка 2026 года на Плошчы Святога Пятра, Пантыфік звярнуў асаблівую ўвагу на святкаванне Міжнароднага дня спорту на карысць развіцця і міру. Святы Айцец падкрэсліў, што спартыўныя дысцыпліны не павінны абмяжоўвацца выключна фізічнымі дасягненнямі, але закліканы служыць вышэйшым грамадскім мэтам.

Звяртаючыся да вернікаў пасля малітвы "Уладарка Неба", Папа накіраваў прывітанне ўсім, хто ва ўсім свеце ўдзельнічае ў ініцыятывах, прысвечаных гэтай тэматычнай даце. Леў XIV выказаў пажаданне, каб спорт заставаўся месцам сустрэчы, дзе кожны чалавек можа адчуць сябе прынятым, незалежна ад паходжання ці фізічных магчымасцей.

Пантыфік таксама скарыстаўся магчымасцю, каб падзякаваць шматлікім вернікам за велікодныя віншаванні, якія паступалі ў яго адрас у апошнія дні. Ён асабліва адзначыў каштоўнасць малітвы, якую людзі ўзносяць за яго служэнне Касцёлу, даручаючы кожнага заступніцтву Дзевы Марыі.

На заканчэнне сустрэчы Леў XIV пажадаў пілігрымам правесці актаву Вялікадня ў духу веры. Ён заклікаў хрысціян не спыняць сваіх намаганняў у выпрошванні дару міру для ўсяго свету, бо святкаванне Уваскрасення Хрыста – гэта перамога жыцця і надзеі над падзеламі і канфліктамі.
 

06 красавіка 2026, 13:22