Папа Леў XIV Папа Леў XIV  (ANSA)

Апублікаваныя праграмы пастырскіх паездак Папы па Італіі

Зала Друку Святога Пасада апублікавала праграмы душпастырскіх візітаў Папы ў Рымскі ўніверсітэт “La Sapienza”, Ачэру, Павію, Сант-Анджэла-Ладзіджана і на востраў Лампедуза.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Візіт у Рымскі ўніверсітэт

Наведванне “La Sapienza” запланавана на 14 мая 2026 года. Леў XIV прыбудзе ва ўніверсітэт на аўтамабілі каля 10 гадзін раніцы. Пасля сустрэчы з кіраўніцтвам і кароткай маўклівай малітвы ва ўніверсітэцкай капліцы, Папа з манументальнай лесвіцы прывітае студэнтаў, якія збяруцца на цэнтральнай плошчы ўніверсітэцкага гарадка. Пасля гэтага ён правядзе прыватную размову з рэктарам, падпіша кнігу ганаровых гасцей, адкрые памятную дошку і прывітае адміністрацыю і супрацоўнікаў універсітэта.

Плануецца таксама, што Пантыфік наведае выставу “Sapienza і Папства”, прысвечаную гісторыі адносін універсітэцкай супольнасці з Святым Пасадам. У 11:30 ў Актавай зале пройдзе сустрэча з выкладчыкамі і студэнтамі, падчас якой Святы Айцец выступіць з прамовай. У 12:30 Папа развітаецца з універсітэцкай моладдзю і вернецца ў Ватыкан.

Падарожжа ў Ачэру

У суботу, 23 мая 2026 года, Пантыфік наведае Ачэру, размешчаную на сумна вядомай у Італіі “зямлі вогнішчаў” (Terre dei Fuochi) у правінцыі Неапаля, якая пацярпела ад шматгадовага забруджвання. Папа выляціць туды ў 8:00 раніцы на верталёце, які праз 45 хвілін прызямліцца ў Ачэры на спартыўным полі “Arcoleo”. Там яго будуць сустракаць біскуп Ачэры Антоніа Дзі Дона і прадстаўнікі грамадзянскіх улад.

У 9:15 у гарадской катэдры адбудзецца сустрэча Льва XIV з біскупамі, святарамі і кансэкраванымі асобамі, а таксама з сем’ямі, якія страцілі блізкіх з-за забруджвання. Папа звернецца да іх з прамовай.

Затым Святы Айцец накіруецца на плошчу Каліпары, дзе ў 10:30 сустрэнецца з жыхарамі “зямлі вогнішчаў” і выступіць з прамовай. У 12:00 Папа развітаецца з Ачэрай і вернецца ў Ватыкан.

Візіт на Лампедузу

У суботу, 4 ліпеня 2026 года адбудзецца душпастырскі візіт Льва XIV на востраў Лампедуза. Вылет з аэрапорта ў Чампіна запланаваны на 7:45 раніцы, прылёт на Лампедузу – на 9:00. У рамках візіту Папа наведае мясцовыя могілкі, дзе пахаваныя ахвяры трагедый у Міжземным моры, і мемарыял “Брама ў Еўропу” (“Porta d’Europa”).

На марскім прычале “Favaloro” адбудзецца благаслаўленне памятнай дошкі, прысвечанай Папе Францішку, а таксама кароткая сустрэча з мігрантамі.

У 10:30 Леў XIV узначаліць Святую Імшу, пасля якой адбудзецца сустрэча з уладамі, хворымі дзецьмі і валанцёрамі. Візіт завершыцца ў 12:30, пасля чаго Папа вернецца ў Рым на самалёце.

Пастырскі візіт у Павію і Сант-Анджэла-Ладзіджана

20 чэрвеня 2026 года адбудзецца візіт Льва XIV у Павію і Сант-Анджэла-Ладзіджана. У праграме запланаваныя сустрэчы з хворымі, медыкамі, духавенствам і жыхарамі рэгіёна.

Папа вылеціць з Ватыкана ў 13:00 і прызямліцца на спартыўным полі ў Павіі ў 14:45. Там яго будуць сустракаць біскуп Павіі Карада Сангвінэці і мясцовыя ўлады. Адразу пасля прыбыцця Папа накіруецца ў анкалагічны цэнтр, дзе сустрэнецца з дзецьмі, якія праходзяць лячэнне, іх бацькамі, а таксама медыкамі і кіраўніцтвам клінікі.

У 15:45 у мясцовай Базіліцы святога Пятра ў залатым небе (in Ciel d’Oro) Папа сустрэнецца з аўгустынскай супольнасцю і біскупамі Ламбардыі. У 16:15 там адбудзецца літургія Слова і ўшанаванне рэліквій святога Аўгустына, прагучыць прамова Папы.

У 17:00 Святы Айцец прывітае вернікаў на плошчы перад базілікай, пасля чаго накіруецца да катэдральнага сабора Павіі. На катэдральнай плошчы ён сустрэнецца з мясцовай супольнасцю, у тым ліку з прадстаўнікамі паўднёваамерыканскай дыяспары. У катэдры адбудзецца кароткая малітва і ўшанаванне святога Сіра – апекуна горада.

У 17:30 на плошчы Перамогі (piazza della Vittoria) адбудзецца сустрэча з жыхарамі горада, да якіх Папа звернецца з прамовай.

У 18:45 пасля цырымоніі развітання ў Павіі Пантыфік накіруецца ў Сант-Анджэла-Ладзіджана, дзе наведае мясцовую парафію святых Антонія Абата і Франчэскі Кабрыні, узначаліць адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту і звернецца да вернікаў з прамовай. Падарожжа завершыцца развітаннем з уладамі, пасля якога ў 19:45 Пантыфік вылеціць у Рым.

25 красавіка 2026, 15:13