Леў XIV на адкрыцці ўніверсітэта ў Гвінеі: акт даверу да чалавека

Універсітэт ацэньваецца не колькасцю выпускнікоў, а тым, якіх людзей ён рыхтуе для грамадства. Калі ён арыентуецца на цэласнае развіццё чалавека, то вынікі не прымусяць сябе доўга чакаць, - падкрэсліў Леў XIV на сустрэчы з прадстаўнікамі культуры і асветы Экватарыяльнай Гвінеі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У другой палове дня 21 красавіка 2026 года Папа прыняў удзел ва ўрачыстым адкрыцці новага навучальнага комплексу Нацыянальнага ўніверсітэта Экватарыяльнай Гвінеі, які будзе насіць яго імя. Новы кампус, размешчаны на востраве Біёка, стане найбуйнейшай акадэмічнай установай краіны. Яго стварэнне стала важным крокам у развіцці нацыянальнай сістэмы адукацыі, заснаванай у 1995 годзе прэзідэнтам Тэадорам Абіянгам Нгемам Мбасога.

На тэрыторыі ўніверсітэцкага гарадка Льва XIV сустрэлі рэктар Філіберта Нтутуму Нгема Нчама і арцыбіскуп Малаба Хуан Нсуэ Эджанг Мае. Разам яны прайшлі да бюста Пантыфіка, які быў урачыста адкрыты ў прысутнасці прадстаўнікоў улады і акадэмічнай супольнасці.

Пасля прывітальнага слова рэктара, музычных выступленняў і сведчанняў студэнта, выкладчыка і даследчыка ўніверсітэта, Святы Айцец звярнуўся да прысутных з прамовай. Адкрыццё ўніверсітэцкага комплексу – гэта больш, чым адміністрацыйны акт. Гэта акт даверу да чалавека, пацвярджэнне таго, што варта працягваць прыкладаць намаганні дзеля асветы новых пакаленняў, пошуку праўды і выкарыстання ведаў для агульнага дабра, - сказаў ён.

Пантыфік параўнаў універсітэт з жывым арганізмам, выкарыстаўшы вобраз сейба – дрэва, якое з’яўляецца нацыянальным сімвалам Экватарыяльнай Гвінеі. Гэта дрэва пускае глыбокія карані і павольна, з цярпеннем і сілай, уздымаецца ўгору, прыносячы плады. Універсітэт таксама, як моцнае дрэва, павінен быць глыбока ўкаранёным у настойлівым пошуку праўды, каб, развіваючыся, даваць людзям не толькі прафесію, але і сэнс жыцця, - падкрэсліў Святы Айцец.

Гісторыю чалавецтва таксама можна прачытаць праз сімволіку некаторых біблійных дрэў. У Кнізе Быцця гаворыцца аб тым, што побач з Дрэвам жыцця расло Дрэва пазнання дабра і зла, плады якога Бог забараніў есьці чалавеку. Папа падкрэсліў, што праблема не ў саміх ведах, а ў іх скажэнні, калі яны служаць не праўдзе, а выкарыстоўваюцца дзеля ўласнай выгады, ператвараюць мудрасць у пыху, вядуць да блытаніны, якая ў канчатковым выніку можа стаць бесчалавечнай.

Хрысціянская традыцыя разглядае іншае дрэва, дрэва крыжа, не як адмаўленне чалавечага розуму, а як знак яго адкуплення. Калі ў Кнізе Быцця мы знаходзім спакусу шукаць веды, аддзеленыя ад ісціны і дабра, то крыж паказвае ісціну – Хрыста, які прапануе любоў і ўзвышае нас да першароднай годнасці. Крыж прапануе людзям ацаліць сваё імкненне да ведаў: адкрыць для сябе, што праўду не фабрыкуюць, ёй не маніпулююць і не валодаюць як трафеем, а вітаюць, пакорліва шукаюць і адказна служаць ёй, - нагадаў Леў XIV.

З хрысціянскага пункту гледжання, вера і розум гарманічна злучаюцца ў Хрысце, дзе праўда вядзе чалавека па-за межы самадастатковасці, а вера адкрывае яму паўнату, да якой імкнецца розум, нават калі ён не можа цалкам ахапіць яе.

Дрэва Крыжа аднаўляе сапраўдны сэнс пазнання як сціплага і сур'ёзнага пошуку праўды. Універсітэт жа ацэньваецца не колькасцю выпускнікоў, а якасцю людзей, якіх ён рыхтуе для грамадства. Ад імя Касцёла Папа выказаў шчырае пажаданне новай ВНУ: “каб новыя пакаленні выхоўваліся цэласна, а не стваралі толькі бачнасць поспеху”, тады вынікі не прымусяць сябе доўга чакаць.

На завяршэнне Папа выказаў надзею, што ўніверсітэт, як сейба, стане месцам, дзе будуць выхоўвацца пакаленні, здольныя прыносіць плён сваёй краіне і ўсёй чалавечай сям'і.

21 красавіка 2026, 18:33