Папа – будучым дыпламатам: служыць міру і чалавечай годнасці
Марыя Валодзіна - Vatican News
Перш чым звярнуцца да акадэмічнай супольнасці з прамовай, Папа адкрыў юбілейную мемарыяльную дошку, падпісаў памятную паштоўку, пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей і прывітаў кіраўніцтва навучальнай установы.
Кульмінацыяй візіту стала прамова, з якой Святы Айцец звярнуўся да студэнтаў і выкладчыкаў акадэміі. Ён падкрэсліў, што місія папскай дыпламатыі заўсёды была накіравана на ўмацаванне адзінства ў Хрысце – таго адзінства, якое з'яўляецца фундаментальнай рысай дыпламатычнага корпуса Святога Пасада, нягледзячы на разнастайнасць паходжання яе прадстаўнікоў.
Нядаўняя рэформа Францішка таксама была накіравана на тое, каб захаваць гэтую адметную рысу ватыканскай дыпламатыі, закліканай кожны дзень маліцца і працаваць, “каб усе былі адно” (Ян 17, 21), - падкрэсліў Леў XIV. Рэформа дапамагла ўзмацніць падрыхтоўку навучэнцаў у юрыдычных, гістарычных, паліталагічных, эканамічных і гуманітарных дысцыплінах, аднак найважнейшай застаецца ўнутраная праца па выхаванні блізкасці, уважлівага слухання, сведчання, братэрскага падыходу і дыялогу ў спалучэнні з пакорай і лагоднасцю.
Папа нагадаў, што дыпламаты Святога Пасада павінны, перш за ўсё, быць носьбітамі велікоднага паслання: "Супакой вам!" (Ян 20:19). Яны пакліканы быць пасланнікамі міру, "мастамі" і "каналамі", па якім ласка Божая магла б прабіцца скрозь зморшчыны гісторыі.
Па-другое, прадстаўнікі Святога Пасада павінны заўсёды заставацца сведкамі ісціны, якая ёсць Хрыстус, у якіх бы культурных кантэкстах яны ні дзейнічалі, - сказаў Пантыфік, нагадваючы будучым дыпламатам аб тым, што яны таксама і пастыры.
Святы Айцец таксама заклікаў іх служыць не толькі каталіцкай супольнасці, але і ўсёй чалавечай сям'і, абараняць вобраз Бога, які захоўваецца ў кожным з нас, а таксама правы чалавека, у тым ліку свабоду веравызнання і права на жыццё, але рабіць гэта шляхам супрацоўніцтва, а не процідзеяння.
Леў XIV заахвоціў студэнтаў не губляць надзеі, нават калі іх намаганні па прымірэнню здаюцца недастатковымі перад абліччам глабальных канфліктаў. Ён падкрэсліў, што служэнне міру заўсёды застанецца інструментам абароны чалавечай годнасці і спрыяння агульнаму дабру.
Напрыканцы сустрэчы Пантыфік благаславіў студэнтаў, даручыўшы будучыню акадэміі заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Антонія Абата.
