Наступствы ізраільскіх бамбардзіровак Лівана Наступствы ізраільскіх бамбардзіровак Лівана  (AFP or licensors)

Святы Айцец падтрымаў ліванскіх хрысціян

Леў XIV даслаў пасланне спачування і блізкасці жыхарам Дэбеля на поўдні Лівана, куды з-за абстрэлаў не змаглі дабрацца грузавікі з гуманітарнай дапамогай. Апостальскі нунцый Паола Борджа быў вымушаны перадаць словы Пантыфіка па тэлебачанні.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Словы Льва XIV прагучалі ў Дэбеле, пераважна хрысціянскім населеным пункце на поўдні Лівана, жыхары якога не пакінулі свае дамы, нягледзячы на рэйды і бамбардзіроўкі Ізраіля і “Хезбалы”. Ізаляваныя ад астатняй часткі краіны, яны пазбаўленыя магчымасці свабодна перасоўвацца і адчуваюць недахоп вады, ежы і лекаў. Тры грузавікі, якія на Вялікдзень павінны былі даставіць каля 40 тон прадметаў першай неабходнасці, былі заблакаваныя з-за баявых дзеянняў. Місія была арганізавана нунцыятурай сумесна з французскім кантынгентам міратворчай місіі ААН у Ліване, мясцовым аддзяленнем “Карытас”, дабрачыннай арганізацыяй “L'œuvre d'orient” і дэлегацыяй Бкерке, якія ў заяве назвалі яе зрыў "парушэннем міжнароднага гуманітарнага права".

Апостальскі нунцый у Ліване, арцыбіскуп Паола Борджа, які з-за абстрэлаў не змог даставіць гуманітарны груз і быў вымушаны спыніцца на базе французскіх міратворцаў у Дэйр-Кіфа, перадаў пасланне Льва XIV па тэлебачанні.

У лісце за подпісам кардынала-дзяржсакратара П'етра Параліна Папа выказаў “бацькоўскую блізкасць і пяшчоту” да ўсіх хрысціян, якія святкавалі Вялікдзень у трагічных абставінах. Гэтае пасланне суцяшэння і спагады Леў XIV адрасаваў усім хрысціянам Паўднёвага Лівана, а таксама ўсім людзям, якія пакутуюць ад наступстваў вайны.

"Сёння мы святкуем Уваскрасенне Пана. Жадаю вам, нягледзячы на смутак, тугу і жалобу, адчуць сёння ў сваіх сэрцах больш глыбокую радасць: Езус трыўмфальна перамог смерць. Гэта радасць, якая зыходзіць з нябёсаў і якой нішто не можа вас пазбавіць", - напісаў Пантыфік.

"У вашым няшчасці, у несправядлівасці, з якой вы сутыкнуліся, у пачуцці пакінутасці, якое вы адчуваеце, вы вельмі блізкія да Езуса. Вы таксама блізкія да Яго ў гэты Велікодны дзень, калі Ён перамог сілы зла, і які гучыць для вас як абяцанне будучыні. Таму не губляйце мужнасці! Ніводная з вашых малітваў, ніводзін жэст салідарнасці, ніводзін уздых стомленасці не дарэмныя: Маці Божая Ліванская захоўвае ўсё ў сваім сэрцы і перадае ўсё свайму Сыну”, - запэўніў Святы Айцец.

08 красавіка 2026, 11:04