Пантыфік: Сэрца Езуса – натхненне для незлічоных сведкаў любові

“У глыбіні істоты людзі створаны, каб любіць і быць любімымі”, - нагадаў Леў XIV словы Францішка, заклікаўшы памятаць пра іх падчас падрыхтоўкі будучых урачоў.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

27 красавіка 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю рымскага шпіталя імя Агасціна Джэмэлі. Нагодай для сустрэчы стаў пачатак рэалізацыі праекта па будаўніцтве пры гэтай бальніцы кардыялагічнага цэнтра пад назвай “Цэнтр Сэрца – Папа Францішак”. Пантыфік благаславіў вуглавы камень будучай структуры.

Леў XIV заўважыў, што слова “сэрца” мае асаблівае значэнне для клінікі “Джэмэлі”, бо яно прысутнічае ў назве навучальнай установы, да якой яна належыць: Каталіцкі ўніверсітэт Найсвяцейшага Сэрца.

“У сувязі з гэтым я хацеў бы згадаць пра адзін важны гістарычны факт. Калі настаў доўгачаканы момант, каб запытаць дзяржаўнае прызнанне для новага ўніверсітэта, многія раілі айцу Джэмэлі не называць яго ў гонар Найсвяцейшага Сэрца, бо гэта назва здавалася занадта пабожнай. І заснавальнік сур’ёзна задумаўся над гэтай праблемай. Але благаслаўлёная Арміда Барэлі не мела сумневаў: універсітэт павінен быў атрымаць назву ў гонар Найсвяцейшага Сэрца, бо менавіта дзякуючы Сэрцу Хрыста адбылася серыя “цудаў”, якія зрабілі магчымым яго заснаванне. Джэмэлі паслухаўся сваю верную паплечніцу, і гэтая назва была ўхвалена таксама і дзяржаўнымі ўладамі”, - нагадаў Папа.

Леў XIV звярнуў увагу на прароцкі характар гэтага рашэння, а таксама заўважыў, што “чалавечай і боскай любові Сэрца Езуса Хрыста” была прысвечана і апошняя энцыкліка Францішка “Dilexit nos”, якая практычна стала яго запаветам.

“У сваёй першай частцы яна нагадвае пра хрысціянскую антрапалогію, якая разглядае сэрца як цэнтр і ядро чалавечай асобы. Я хацеў бы працытаваць толькі гэты ўрывак: “Ядро кожнага чалавека, яго найбольш асабісты цэнтр, – гэта не цэнтр толькі душы, але ўсяго чалавека ў яго непаўторнай ідэнтычнасці, якая складаецца з душы і цела. Усё злучана ў сэрцы, якое можа быць месцам любові з усімі духоўнымі, псіхічнымі і нават фізічнымі кампанентамі. Па сутнасці, калі ў ім пануе любоў, чалавек дасягае сваёй ідэнтычнасці поўным і ясным спосабам, бо кожны чалавек быў створаны перш за ўсё для любові. У глыбіні істоты людзі створаны, каб любіць і быць любімымі” (21)”, - сказаў Папа, заклікаючы памятаць пра гэтыя словы пры падрыхтоўцы будучых урачоў, якая праводзіцца ў клініцы. Пантыфік падкрэсліў, што чым больш пашыраецца шпіталь, тым больш увагі павінна надавацца чалавечай і хрысціянскай фармацыі тых, хто ў ім працуе.

“Аднак асноўнае пасланне “Dilexit nos” носіць тэалагічны і духоўны характар і засяроджана на таямніцы любові Сэрца Хрыста, якая з’яўляецца галоўнай крыніцай натхнення і падтрымкі ў нашым жыцці і працы. Як вечнае полымя, гэтая любоў дала Касцёлу незлічоных сведкаў любові, у тым ліку ў сферы адукацыі і сацыяльнай дзейнасці. Сярод іх мы можам назваць айца Джэмэлі, благаслаўлёную Арміду Барэлі і іншых заснавальнікаў Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца”, - сказаў Папа, выказваючы ўпэўненасць у тым, што айцец Агасціна Джэмэлі, які марыў аб стварэнні медыцынскага факультэта, працягвае суправаджаць яго развіццё з неба.
 

27 красавіка 2026, 13:01