Лагатып Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца Лагатып Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца 

Пантыфік: веды павінны спрыяць сустрэчы і справядлівасці

Веды, не скіраваныя на сустрэчу і справядлівасць, ляжаць у аснове многіх бедаў, пра што сведчыць неспакойная гісторыя, у якую мы пагружаны”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пра місію навучальных устаноў Леў XIV нагадаў у пасланні з нагоды 102-га Дня для Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца (Giornata per l’Università Cattolica del Sacro Cuore) – ініцыятывы, якая праводзіцца ў Касцёле ў Італіі з мэтай падтрымкі дзейнасці гэтай важнай навучальнай і даследчай установы з сядзібай у Мілане.

У звароце за подпісам кардынала-дзяржсакратара П’етра Параліна на імя арцыбіскупа Мілана Марыя Дэльпіні, Папа падкрэсліў, што ўніверсітэт пакліканы “інтэрпрэтаваць Евангелле ў адукацыйнай і культурнай сферах, знаходзячыся ў пастаянным дыялогу з Настаўніцтвам Касцёла”.

Леў XIV нагадаў, што веды без любові могуць быць бескарыснымі, пра што кажа святы Павел у Першым пасланні да Карынцянаў: “Калі маю дар прароцтва і спазнаў усе таямніцы, і маю ўсякія веды і паўнату веры, каб перастаўляць горы, а любові не маю, то я – нішто”.

Святы Айцец адзначыў важнасць таго, каб адукацыя не ператварала веды ў інструмент ідэалогіі і маніпуляцый, а, дапамагаючы бачыць праўду і дабро, прысутныя ў рэчаіснасці, магла весці чалавека да жыццёвай мудрасці.

Пантыфік заўважыў, што веды не павінны замыкаць асобу ў індывідуалізме, але спрыяць стварэнню сувязяў, міждысцыплінарнаму супрацоўніцтву і ўвазе да найбольш слабых членаў грамадства. “Веды, не скіраваныя на сустрэчу і справядлівасць, ляжаць у аснове многіх бедаў, пра што сведчыць неспакойная гісторыя, у якую мы пагружаны”, - гаворыцца ў пасланні.

Леў XIV звярнуў увагу таксама на выклікі, якія ставіць развіццё штучнага інтэлекту. Ён заклікаў спрыяць развіццю ў студэнтаў крытычнага мыслення, падкрэсліваючы, што працэсы пазнання нельга зводзіць да стварэння ўсё больш магутных алгарытмаў. Наадварот, яны патрабуюць належнага ўзроўню чалавечай адказнасці і этычнай ацэнкі, каб веды сапраўды служылі чалавеку і агульнаму дабру, - нагадаў Папа.
 

20 красавіка 2026, 09:46