Леў XIV вяртаецца ў Рым: завяршэнне візіту ў Афрыку
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У міжнародным аэрапорце горада Малаба прайшла афіцыйная цырымонія развітання, якая завяршыла знаходжанне Святога Айца на афрыканскай зямлі. Ля трапа самалёта Льва XIV праводзілі Прэзідэнт Экватарыяльнай Гвінеі Тэадора Абіанг Нгема Мбасога і яго жонка Канстанцыя Манге дэ Абіанг. Урачыстасць уключала выкананне дзяржаўных гімнаў і адданне пашаны сцягам.
Каля 13.00 борт італьянскай авіякампаніі "ITA" мадэлі "A330-900neo" падняўся ў паветра. Перад Пантыфікам – шлях даўжынёй у 4590 кіламетраў. Палёт, які злучыць кантыненты, будзе доўжыцца каля 6 гадзін.
Паветраны шлях Пантыфіка пралягае праз неба 7 дзяржаў. Пасля вылету з Экватарыяльнай Гвінеі самалёт па чарзе перасячэ паветраную прастору Камеруна, Нігерыі, Нігера, Алжыра і Туніса, пакуль нарэшце не дасягне італьянскіх берагоў.
Час у палёце для Льва XIV будзе напоўнены не толькі адпачынкам, але і звыклай працай. Праграма прадугледжвае правядзенне прэс-канферэнцыі, падчас якой Пантыфік падзеліцца ўражаннямі ад паездкі, а таксама абед і сумесную фатаграфію з экіпажам.
Прызямленне ў міжнародным аэрапорце імя Леанарда да Вінчы ў Ф'юмічына запланавана каля 20.00. Адразу пасля гэтага Святы Айцец перасядзе ў аўтамабіль, каб пераадолець апошнія 28 кіламетраў да Ватыкана, завяршаючы свой насычаны апостальскі візіт.
