Леў XIV узначаліў Крыжовы шлях у рымскім Калізеі
Марыя Валодзіна – Vatican News
Леў XIV стаў другім Папам, які пранёс крыж падчас усяго Крыжовага шляху ў Рыме, паўтарыўшы прыклад святога Папы Яна Паўла II, які здзяйсняў гэты жэст у перыяд з 1980 па 1994 год.
У набажэнстве ўдзельнічалі каля 30 тысяч вернікаў, мільёны людзей па ўсім свеце далучыліся праз трансляцыі ў сацыяльных сетках, на тэлебачанні і радыё. Працэсія праходзіла пры святле свечак сярод муроў старажытнага амфітэатра, які калісьці стаў сведкам мучаніцтва першых хрысціян.
Калізей, будаўніцтва якога пачаў імператар Веспасіян і завяршыў у 80 годзе нашай эры імператар Ціт, быў пазней асвечаны як каталіцкі храм. Кожны год Біскуп і вернікі Рыма збіраюцца ў Калізеі, каб здзейсніць духоўную пілігрымку праз чатырнаццаць стацый Крыжовага шляху, якія нагадваюць пра смерць і пахаванне Хрыста.
Падчас набажэнства былі прачытаныя ўрыўкі з Евангелля, а таксама тэксты святога Францішка Асізскага і разважанні францішканіна Франчэска Патана, былога кустода Святой Зямлі.
