Святло надзеі для Гвінеі: візіт Папы ў краіну кантрастаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Гісторыя хрысціянства ў гэтай невялікай афрыканскай краіне пазначана глыбокімі шрамамі пераследу. Часы папярэдняга кіраўніка, які прысвоіў сабе тытул "Вялікага Чараўніка", сталі сапраўдным выпрабаваннем для вернікаў: Касцёл тады быў вымушаны існаваць без біскупаў, замежных місіянераў высылалі, а мясцовых святароў арыштоўвалі.
Сёння ў дзяржаве афіцыйна пануе рэлігійная свабода, аднак голас сумлення па-ранейшаму патрабуе адвагі – душпастыры, якія адкрыта заўважаюць праблемы з правамі чалавека, рызыкуюць апынуцца ў зняволенні.
Касцёл становіцца галоўным апірышчам для народа ў краіне вострых сацыяльных супярэчнасцей
На фоне палітычнага даўгалецця прэзідэнта Тэадора Абіянга Нгуэмы Мбасога, які нязменна кіруе краінай з 1979 года, Экватарыяльная Гвінея застаецца тэрыторыяй кантрастаў. Нягледзячы на багатыя радовішчы нафты і газу, асноўная частка насельніцтва жыве ў галечы. Каталіцкая супольнасць бярэ на сябе місію, якую ігнаруе дзяржава. Праз 120 касцельных школ і шматлікія медыцынскія пункты Касцёл спрабуе кампенсаваць недахоп адукацыі і якаснай аховы здароўя.
Цяперашні візіт Пантыфіка супадае са знакавай датай – 170-й гадавінай пачатку арганізаванай евангелізацыі, якую калісьці распачалі езуіты і кларэтыны. Каталіцтва стала тут дамінуючай сілай, аб’яднаўшы амаль 75 працэнтаў грамадства. Гэтая статыстыка ўражвае: пры агульнай колькасці насельніцтва больш за 11 мільёнаў чалавек на аднаго святара прыпадае ў сярэднім чатыры 4709 вернікаў. Гэта робіць працу 790 катэхізатараў сапраўдным "хрыбтом" мясцовага Касцёла.
Культурная самабытнасць і хрысціянскія каштоўнасці становяцца шляхам да сустрэчы з Евангеллем
Адметнасцю мясцовага жыцця з’яўляецца гарманічнае спалучэнне каланіяльнай спадчыны і афрыканскіх каранёў. Гвінейцы маюць падвойныя імёны, а ў літургіі побач з афіцыйнай іспанскай мовай гучаць дыялекты фанг або бубі. Мясцовыя жыхары глыбока вераць, што іх культура – гэта не перашкода, а шлях для веры.
Падчас свайго інтэнсіўнага 49-гадзіннага знаходжання Леў XIV наведае Малаба, Мангома і Бату. Праграма напоўнена сустрэчамі з тымі, хто найбольш мае патрэбу ў суцяшэнні: хворымі, моладдзю і вязнямі.
Словы Яна Паўла II "Экватарыяльная Гвінея, устань!", сказаныя ў 1982 годзе, сёння набываюць новае гучанне. Леў XIV прыбывае пад дэвізам "Хрыстус, святло Экватарыяльнай Гвінеі – да будучыні міру", каб ушанаваць памяць ахвяр трагедый мінулага і маліцца ў Базіліцы Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі за лепшую будучыню краіны.
