Папа прыняў кардынала Сымані – сведку камуністычнага пераследу

У Ватыкане адбылася сустрэча Льва XIV з 97-гадовым кардыналам Эрнэстам Сымані, які пацярпеў ад пераследу з боку камуністычных уладаў Албаніі і правёў 28 гадоў у турме. Іерарх перадаў Пантыфіку рэліквію албанскіх мучанікаў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

На аўдыенцыі, якая прайшла ў Апостальскім палацы 27 красавіка 2026 года, прысутнічала каля сарака сваякоў кардынала Сымані. Іерарх адзначыў, што сустрэча прайшла ў атмасферы радасці і надзеі. Ён успрыняў яе як асаблівую ласку і магчымасць разам з Папам абвяшчаць навіну пра неба, супакой, братэрства і любоў да ўсіх народаў свету. У Велікодную нядзелю, 5 красавіка 2026 года, кардынал Сымані разам з кардыналам-протадыяканам Дамінікам Мамберці стаяў побач з Львом XIV падчас звароту “Urbi et Orbi” з цэнтральнай лоджыі Базілікі святога Пятра.

Кардынал Эрнэст Сымані падвяргаўся рэпрэсіям у Албаніі падчас камуністычнага рэжыму. 7 красавіка 2026 года споўнілася 70 гадоў з дня яго святарскага пасвячэння, якое ён прыняў патаемна ў 1956 годзе. У снежні 1963 года Сымані арыштавалі. Яго двойчы асуджалі да смяротнага пакарання, якое было заменена турэмным зняволеннем. У 1981 годзе ён быў скіраваны на прымусовая працы. Да падзення рэжыму ён працягваў святарскае служэнне патаемна. У 2016 годзе Францішак, які лічыў Сымані жывым мучанікам, узвёў яго ў годнасць кардынала. На агульнай аўдыенцыі 14 лютага 2024 года Францішак падзякаваў кардыналу Сымані за сведчанне, якое прыносіць карысць усяму Касцёлу.

Албанскі іерарх ужо некалькі гадоў жыве ў Фларэнцыі, аднак, нягледзячы на ўзрост, працягвае падарожнічаць па свеце і служыць Касцёлу. Падчас аўдыенцыі кардынал Сымані перадаў Папу крыж і рэліквію албанскіх мучанікаў, падкрэсліўшы, што гэты дар сімвалізуе ахвяру людзей, якія “аддалі жыццё за веру, за любоў да Езуса, за выратаванне народа Албаніі і за тое, каб усе людзі бачылі ўсмешку нябёсаў”.

28 красавіка 2026, 10:35