Леў XIV на шляху ў Гвінею: пералёт і тэлеграмы палітыкам
Марыя Валодзіна – Vatican News
Раніцай 21 красавіка 2026 года пасля прыватнай Святой Імшы ў апостальскай нунцыятуры Папа выехаў на аўтамабілі ў міжнародны аэрапорт Луанды, дзе яго сустрэў прэзідэнт Анголы Жуан Мануэл Гансалвіш Ларэнсу. Падчас афіцыйнай цырымоніі развітання прагучалі дзяржаўныя гімны, пасля чаго ватыканская дэлегацыя развіталася і адбыла ў Малаба.
За дзве з паловай гадзіны самалёт з Пантыфікам на борце пераадолеў адлегласць у 1564 кіламетры. Падчас палёту Папа пагутарыў і сфатаграфаваўся з экіпажам, ужыў лёгкі сняданак. Маршрут самалёта Airbus A330-900 neo авіякампаніі ITA пралягаў над тэрыторыяй Анголы, Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, Габона, Камеруна і Экватарыяльнай Гвінеі.
Па традыцыі, падчас пералёту Святы Айцец накіраваў прывітальныя тэлеграмы кіраўнікам дзяржаў, над тэрыторыяй якіх пралятаў яго самалёт.
У тэлеграме прэзідэнту Анголы Жуану Мануэлю Гансалвішу Ларэнсу Папа выказаў глыбокую ўдзячнасць за цёплы прыём і гасціннасць, запэўніўшы ў сваіх малітвах за ангольскі народ і заклікаўшы Божае благаслаўленне радасці і гармоніі на ўсіх ангольцаў.
Кіраўніку Дэмакратычнай Рэспублікі Конга Дэні Сасу-Нгесо і яго суграмадзянам Пантыфік перадаў свае добрыя пажаданні і запэўніў у малітве аб тым, каб іх нацыя атрымала боскія благаслаўленні мудрасці і дабрабыту.
У пасланні да прэзідэнта Габона Брыса Клотэра Алігі Нгемы Папа перадаў сардэчныя прывітанні народу гэтай краіны. Ён заклікаў бласлаўленне Усемагутнага Бога на іх нацыю і запэўніў у малітве аб тым, каб Ён дараваў ім мір і дабрабыт.
На імя прэзідэнта Камеруна Поля Бія было накіравана пасланне, у якім Святы Айцец перадаў свае прывітанні і добрыя пажаданні і запэўніў у малітве за адзінства і росквіт камерунскага народа.
