Папа на пасвячэнні святароў: будзьце каналамі, а не фільтрамі

У Нядзелю Добрага Пастыра, 26 красавіка 2026 года, у Базіліцы Святога Пятра прайшла ўрачыстая літургія, падчас якой Папа ўдзяліў пасвячэнне дзесяцярым кандыдатам да святарства.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Падчас урачыстай Імшы ў ватыканскай базіліцы Леў XIV усклаў рукі на 10 будучых святароў. Новапасвечанымі сталі: Гульельма Лапэна, Джорджа Лароза, Жос Эмануэле Нлеме Сабатэ, Джаванні Эмануэле Нунцыянтэ Саласар, Антаніна Ордзінэ, Іардан Каміла Рамас Медына, Даніэле Рышыка, Крысціян Сгуацына, Арманда Роа Нуньес і Сэлвін Пінта Лойс.

Святарства як служэнне еднасці

У гаміліі Пантыфік адзначыў, што, нягледзячы на прысутнасць смерці, абяцанне Хрыста пра “жыццё ў дастатку” (пар. Ян 10:10) ужо спраўджваецца. Ён звярнуў увагу на велізарную шчодрасць і энтузіязм маладых людзей, якія прымаюць прэзбітэрскае пасвячэнне, падкрэсліўшы, што святарства – гэта перш за ўсё служэнне еднасці. “Жыццё ў дастатку прыходзіць да нас у выніку глыбокай асабістай сустрэчы з асобай Сына, але яна адразу ж адкрывае нам вочы на братоў і сясцёр, якія ўжо спазналі Яго ці ўсё яшчэ шукаюць “уладу стаць дзецьмі Божымі” (Ян 1:12), - сказаў Леў XIV.

“Чым глыбей ваша сувязь з Хрыстом, тым мацней ваша прыналежнасць да ўсяго чалавецтва. Паміж Небам і зямлёй няма ні супрацьстаяння, ні канкурэнцыі. У Езусе яны злучаныя навекі”, - звярнуўся да святароў Папа, дадаючы, што вера і сталая і свабодная любоў, якая натхняе на бясшлюбнасць у імя Валадарства Божага, узрастаючы з часам, зробіць іх не толькі добрымі святарамі, але і сумленнымі, спагаднымі грамадзянамі, будаўнікамі міру і сацыяльнага сяброўства.

Не баяцца жорсткай рэчаіснасці

Святы Айцец адзначыў, што словы Езуса пра злодзеяў і злачынцаў поўныя рэалізму, Ён ведае пра жорсткасць свету, пра фізічную і духоўную агрэсію, але заклікае не баяцца рэчаіснасці. “Няхай служэнне, даверанае вам, дарагія браты, прынясе супакой тым, хто ведае, што з Богам яны ў бяспецы, нават пасярод небяспекі”, - пажадаў ён.

Па словах Папы, страх і патрэба ў бяспецы часта вядуць людзей да агрэсіі, замыкаюць у сабе і прымушаюць шукаць ворагаў і казлоў адпушчэння. Святары пакліканыя быць носьбітамі супакою і ўпэўненасці, заснаваных не на статусе, а на веры ў жыццё, смерць і Уваскрасенне Хрыста і на ўдзеле ў гісторыі збаўлення разам з народам Божым. Гэта збаўленне ўжо выяўляецца ў многіх добрых справах, якія непрыкметна здзяйсняюць людзі добрай волі ў мясцовых парафіях і супольнасцях. Вера абароніць святароў нават у цяжкія часы, - запэўніў Пантыфік.

Аб'ядноўваць і прыміраць

Супольнасці, у якія будуць пасланыя святары, ужо напоўнены прысутнасцю Уваскрослага і пакліканы стаць месцамі адзінства, дзе праз сустрэчу і прымірэнне людзі адкрываюць прыгажосць супольнага жыцця. Садзейнічаць сустрэчы, дапамагчы аб'яднаць тых, хто ў адваротным выпадку ніколі б не аб'яднаўся, пераадольваць рознагалоссі – гэта тое ж самае, што здзяйсняць Сакрамэнты Эўхарыстыі і прымірэння. Аб'ядноўвацца заўсёды азначае засноўваць Касцёл нанова, - сказаў Леў XIV.

Быць брамай, а не фільтрам

Каментуючы евангельскі ўрывак, у якім Езус называе Сябе “брамай для авечак”(Ян 10:7), Папа заклікаў святароў быць адкрытымі для ўсіх, ніколі не хаваць, не загароджваць Святую Браму, не чыніць перашкоды тым, хто хоча ўвайсці. Сёння, калі многія аддаляюцца ад Касцёла, святары пакліканы трымаць дзверы адчыненымі для ўсіх, быць “каналам, а не фільтрам”, адлюстраваннем Божай цярплівасці і пяшчоты. “Вы належыце ўсім і існуяце для ўсіх! Хай гэта стане асноўнай мэтай вашай місіі: трымаць дзверы адчыненымі і без лішніх слоў накіроўваць да іх іншых”, - пажадаў Святы Айцец, дадаючы, што Касцёл не абмяжоўвае свабоду, а дае магчымасць увайсці і выйсці, каб “знайсці пашу”. Дзверы Касцёла адчыненыя, але не для таго, каб адрэзаць нас ад жыцця: жыццё не заканчваецца ў парафіі, асацыяцыі, руху ці групе, - нагадаў Папа.

Выходзіць за межы Касцёла

Пантыфік заклікаў святароў выходзіць за межы касцёльных структур, знаёміцца з культурай і жыццём людзей, якім яны служаць. Сёння так шмат людзей адчуваюць сябе згубленымі. Сведчанне святароў павінна дапамагчы ім зноў сарыентавацца, знайсці шлях, - заўважыў Святы Айцец, пажадаўшы ім стаць сведкамі Божай дабрыні і міласэрнасці ў свеце, які мае ў іх вялікую патрэбу.

26 красавіка 2026, 10:46