Папа: пагрозы ўсяму іранскаму народу – гэта непрымальна

На фоне росту міжнароднай напружанасці Леў XIV рашуча заклікаў да міру, назваўшы пагрозы ў адрас усяго іранскага народа непрымальнымі і падкрэсліўшы, што вайна не вырашае праблем, а вядзе да новых пакут і разбурэнняў.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Вечарам 7 красавіка 2026 года, вяртаючыся ў Ватыкан з Кастэль-Гандольфа, Пантыфік адказаў на некалькі пытанняў журналістаў, якія чакалі яго каля брамы летняй папскай рэзідэнцыі “Віла Барберыні”.

Леў XIV звярнуў увагу на неадкладную патрэбу ў міры, каментуючы сітуацыю, якая склалася пасля таго, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выставіў ультыматум Ірану, пагражаючы знішчыць краіну за адну ноч, калі Тэгеран неадкладна не адкрые Армузскі праліў.

“Як мы ўсе ведаем, сёння прагучала гэта пагроза ўсяму народу Ірана. І гэта сапраўды непрымальна”, - заявіў Святы Айцец.

Пантыфік заўважыў, што гаворка ідзе не толькі пра прынцыпы міжнароднага права, але ў першую чаргу пра прынцыпы маралі. У гэтым кантэксце ён заклікаў у першую чаргу думаць пра мноства нявінных людзей: дзяцей, пажылых, хворых, якія ўжо з’яўляюцца або яшчэ стануць ахвярамі вайны. Папа паўтарыў свой заклік вярнуцца да дыялогу і перамоў.

“Я хацеў бы запрасіць усіх да малітвы, але таксама падумаць пра тое, як можна данесці да членаў кангрэсу, да ўладаў тое, што мы не хочам вайны, што мы хочам міру. Мы – народ, які любіць мір. Свет моцна патрабуе міру!”, - адзначыў Леў XIV.
 

08 красавіка 2026, 08:58