Велікоднае пасланне і благаслаўленне “Urbi et Orbi”. Велікоднае пасланне і благаслаўленне “Urbi et Orbi”.

“Urbi et Orbi”: нельга заставацца абыякавымі і мірыцца са злом

Крыж Хрыста нагадвае нам пра пакуты і боль, якія суправаджаюць смерць. Усе мы баімся смерці, і з-за гэтага страху адварочваемся ў іншы бок. Аднак мы не можам заставацца абыякавымі і мірыцца са злом, - сказаў Леў XIV.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У Вялікдзень, 5 красавіка 2026 года, Папа звярнуўся да горада Рыма і ўсяго свету з традыцыйным пасланнем і благаслаўленнем “Urbi et Orbi”.

Браты і сёстры, Хрыстус уваскрос! З Вялікаднем! На працягу стагоддзяў Касцёл з радасцю спявае пра падзею, якая з'яўляецца крыніцай і асновай нашай веры: Пан сапраўды ўваскрос! – сказаў Святы Айцец.

Вялікдзень – гэта перамога: жыцця над смерцю, святла над цемрай, любові над нянавісцю. Гэтая перамога была дасягнута вялікай цаной: Хрыстус, Сын Бога Жывога (пар. Мц 16: 16), павінен быў памерці на крыжы пасля несправядлівага прысуду, кпінаў і катаванняў. Як сапраўднае Ягня, прынесенае ў ахвяру, Ён узяў на Сябе грэх свету і такім чынам вызваліў нас усіх ад улады зла, - нагадаў Пантыфік.

Але як перамог Езус? Якая сіла дазволіла яму перамагчы старадаўняга ворага? Гэтая сіла – сам Бог які ёсць Любоў. Гэта Любоў стварае, застаецца вернай да канца, прабачае і адкупляе. Хрыстус змагаўся і выйшаў пераможцам, давяраючы волі Айца. Ён прайшоў шлях дыялогу не на словах, але ў справах: каб знайсці нас, страчаных, стаў чалавекам; каб вызваліць нас, рабоў, стаў рабом; каб даць жыццё нам, смяротным, дазволіў забіць Сябе на крыжы, - падкрэсліў Леў XIV.

Сіла, з якой Хрыстус уваскрос, цалкам негвалтоўная. Яна падобная на зерне, якое, загніваючы ў зямлі, прарастае і становіцца залатым коласам. Яна яшчэ больш падобная на чалавечае сэрца, якое, параненае крыўдамі, адмаўляецца ад помсты і, поўнае спачування, моліцца аб тым, хто яго пакрыўдзіў, - адзначыў Святы Айцец.

“Браты і сёстры, гэта сапраўдная сіла, якая прыносіць мір чалавецтву, бо яна стварае паважлівыя адносіны на ўсіх узроўнях: паміж людзьмі, сем’ямі, сацыяльнымі групамі, народамі. Яна не імкнецца да асабістых інтарэсаў, але да агульнага дабра; не жадае навязваць свой план, але спрыяе яго стварэнню і рэалізацыі разам з іншымі”, - сказаў Папа.

“Так, Уваскрасенне Хрыста – гэта пачатак новага чалавечага жыцця, уваходжанне ў сапраўдную зямлю абяцаную, дзе пануюць справядлівасць, свабода, мір, дзе ўсе прызнаюць адно аднаго братамі і сёстрамі, дзецьмі аднаго Айца, Які ёсць любоў, жыццё і святло”, - сцвердзіў Пантыфік.

Сваім Уваскрасеннем Пан ставіць нас перад дылемай нашай свабоды. Перад пустой магілай мы можам напоўніцца надзеяй і здзіўленнем, як вучні, або страхам, як варта і фарысеі, вымушаныя звяртацца да хлусні, каб не прызнаць, што асуджаны сапраўды ўваскрос (пар. Мц 28:11-15), - заўважыў Леў XIV.

“У святле Вялікадня дазволім Хрысту здзівіць нас! Дазволім Яго вялікай любові змяніць нашыя сэрцы! Той, у каго ў руках зброя, няхай пакладзе яе! Тыя, хто маюць уладу развязваць войны, няхай абяруць мір! Мір, дасягнуты не сілай, а дыялогам! Не імкненнем дамінаваць над іншым, а сустрэцца з ім!” – заклікаў Папа.

Мы паступова прызвычайваемся да гвалту і перастаем на яго рэагаваць. Мы становімся абыякавымі да смерці тысяч людзей, да нянавісці і падзелаў, якія прыносяць войны. Не звяртаем увагі на цяжкія эканамічныя і сацыяльныя наступствы. У свеце ўсё больш распаўсюджваецца тое, што Папа Францішак называў “глабалізацыяй абыякавасці”. Год таму з гэтай лоджыі ён звярнуўся да свету са сваімі апошнімі словамі, папярэджваючы пра жаданне смерці, якое праяўляецца ў шматлікіх канфліктах па ўсім свеце ("Urbi et Orbi", 20 красавіка 2025 года), - нагадаў Леў XIV.

Крыж Хрыста заўсёды нагадвае нам пра пакуты і боль, якія суправаджаюць смерць. Усе мы баімся смерці, і з-за гэтага страху адварочваемся ў іншы бок, адмаўляемся глядзець і бачыць. Аднак мы не можам заставацца абыякавымі! Не можам мірыцца са злом! Святы Аўгустын вучыць: калі баішся смерці, любі Уваскрасенне! Давайце любіць Уваскрасенне, якое нагадвае нам, што зло не мае апошняга слова, бо яно было пераможана Уваскрослым, - заклікаў Папа.

“Хрыстус прайшоў праз смерць, каб даць нам жыццё і мір: “Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю” (Ян 14:27). Спакой, які дае нам Хрыстус, не той, што проста прымушае замаўчаць зброю, але той, што закранае і змяняе сэрца кожнага з нас! Давайце звернемся да міру Хрыста! Давайце пачуем заклік да міру, які ідзе з сэрца!” – заклікаў Папа, запрашаючы ўсіх аб’яднацца ў малітве за мір падчас чування ў Базіліцы Святога Пятра ў наступную суботу, 11 красавіка 2026 года.

“У гэты святочны дзень адмовімся ад жадання сварыцца, уладарыць і панаваць. Папросім Пана, каб Ён даў свой мір свету, які пакутуе ад войнаў, нянавісці і абыякавасці, якія прымушаюць нас адчуваць сябе бездапаможнымі перад абліччам зла. Даручым Богу ўсе сэрцы, якія пакутуюць і чакаюць сапраўднага міру, які можа даць толькі Ён. Даверымся і адкрыем Яму сэрцы, бо толькі Ён можа аднавіць усё. З Вялікаднем!” – заключыў сваё пасланне Леў XIV.

05 красавіка 2026, 12:35