Святары ў ватыканскай базіліцы падчас Імшы Хрызма Святары ў ватыканскай базіліцы падчас Імшы Хрызма  (@Vatican Media)

Місія без зброі: Леў XIV да святароў падчас Імшы Хрызма

Леў XIV узначаліў Імшу Хрызма, падкрэсліўшы, што хрысціянская місія патрабуе адмовы ад насілля і панавання, асабліва ў цяперашні цёмны час сусветнай гісторыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Раніцай 2 красавіка 2026 года ў ватыканскай базіліцы Пантыфік упершыню як Біскуп Рыма ўзначаліў Імшу Хрызма. Гэты дзень, калі Касцёл узгадвае ўстанаўленне Эўхарыстыі і святарства, стаў для Льва XIV нагодай для глыбокага аналізу сутнасці хрысціянскага паклікання. Асвячэнне алеяў, якія будуць выкарыстоўвацца для хросту і намашчэння хворых, стала сімвалам абнаўлення місіі, што нясе мір праз безабаронную любоў.

Хрысціянская місія патрабуе адвагі пакінуць зону камфорту дзеля сапраўднай сустрэчы

Згодна з думкай Святога Айца, агучанай ім падчас гаміліі, місія Касцёла не аддзельная ад місіі самога Хрыста. Яна грунтуецца на трох вымярэннях: адлучэнні ад зямнога, сустрэчы і выпрабаванні неразуменнем.

Папа заклікаў вернікаў не дазваляць сваёй самабытнасці ператварацца ў закрытую прастору, а месца прабывання – у ізаляванае сховішча. Сапраўдная радасць і супакой, на яго перакананне, немагчымыя без рызыкі і гатоўнасці адмовіцца ад уласнага эгаізму дзеля шчырай адкрытасці іншаму чалавеку.

Леў XIV упершыню як Біскуп Рыма ўзначаліў Імшу Хрызма
Леў XIV упершыню як Біскуп Рыма ўзначаліў Імшу Хрызма   (ANSA)

Другім важным крокам з’яўляецца сустрэча, якая катэгарычна адкідвае логіку дамінавання. Леў XIV падкрэсліў, што ні ў душпастырскай, ні ў грамадскай ці палітычнай сферах дабро не можа нарадзіцца праз насілле. Сапраўдныя місіянеры ўваходзяць у жыццё іншых сціпла і далікатна, выбіраючы служэнне і павагу замест стратэгічнага разліку. У свеце, дзе працэс секулярызацыі выглядае незваротным, хрысціяне павінны заставацца гасціннымі гасцямі, здольнымі прымаць і быць прынятымі.

Крыж у місіі становіцца інструментам выкрыцця насілля, якое робіцца законам

Трэцяе вымярэнне хрысцяніна – неразуменне і прыняцце Крыжа. Папа заўважыў, што місія – гэта не індывідуальная гераічная прыгода, а супольны шлях Касцёла, які часта праходзіць праз адчужанасць і адкінутасць. Аднак менавіта ў такія моманты пасланніцтва становіцца найбольш безабаронным, а значыць – бескарыслівым і прарыўным.

Паводле слоў Льва XIV, Крыж здольны спыніць “імперыялістычную акупацыю” свету, бо ён узламвае сістэму сілы знутры. Калі місіянер ідзе шляхам Хрыста, само існаванне Крыжа выкрывае насілле, якое ў сучасным грамадстве стала настолькі звыклым, што пачало лічыцца законам.

Леў XIV падчас асвячэння алеяў
Леў XIV падчас асвячэння алеяў

У якасці прыкладу для пераймання Пантыфік прыгадаў святога Оскара Рамэра, арцыбіскупа Сан-Сальвадора, забітага каля алтара ў 1980 годзе. Жыццё гэтага мучаніка пацвярджае, што гісторыю твораць святыя.

Леў XIV завяршыў сваю гамілію заклікам стаць "новым народам" – не ахвярамі, а сведкамі, якія ў цёмную гадзіну гісторыі распаўсюджваюць водар Хрыста там, дзе пануе пах смерці.
 

02 красавіка 2026, 11:19