Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: Універсітэт Балівіі павінен служыць ісціне ў любові

Леў XIV павіншаваў супольнасць Каталіцкага ўніверсітэта Балівіі "Сан-Пабла" з 60-годдзем заснавання, заклікаўшы захоўваць інтэгральную адукацыю і служыць годнасці чалавека.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

60 гадоў дзейнасці вышэйшай навучальнай установы сталі для Пантыфіка нагодай падкрэсліць, што сапраўдная місія акадэмічнага асяроддзя выходзіць далёка за межы вузкай тэхнічнай падрыхтоўкі. У сваім пасланні Святы Айцец адзначыў плённы шлях служэння Касцёлу і грамадству, які прайшоў універсітэт з моманту свайго стварэння.

Універсітэт – гэта не проста прастора для атрымання ўтылітарных ведаў, а супольнасць, якая стаіць на варце чалавечай годнасці

Леў XIV звярнуў увагу на тое, што ўніверсітэцкая ідэнтычнасць патрабуе строгага і крытычнага падыходу да даследаванняў і выкладання. Гэта дазваляе не толькі памнажаць інтэлектуальную спадчыну, але і спрыяць развіццю мясцовай і міжнароднай супольнасцей.

Як падкрэслівае Пантыфік, адукацыя павінна быць накіравана на фарміраванне чалавека ў яго цэласнасці – як асобы, што імкнецца да сваёй канчатковай мэты і працуе на карысць грамадства.

У цэнтры разважанняў Папы апынуўся дэвіз навучальнай установы – "Veritas in Caritate" ("Ісціна ў любові"). Гэтая формула, паводле аўтара паслання, з'яўляецца сінтэзам усёй універсітэцкай місіі, успрынятай праз прызму веры. Для хрысціянскай традыцыі ісціна не з'яўляецца абстрактнай ідэяй, яна мае твар Езуса Хрыста, Які адкрывае чалавеку яго высакароднае пакліканне.

Пошук ісціны павінен грунтавацца на інтэлектуальнай сумленнасці і мець любоў сваім галоўным крытэрыем

Калі веды аддзелены ад маральнага вымярэння, яны рызыкуюць стаць інструментам панавання або выключэння. Леў XIV настойвае на тым, што ісціна, сказаная з любоўю, здольная вылечваць і накіроўваць асобу да паўнаты. Такі падыход ператварае навуковую працу ў служэнне справядлівасці, асабліва ў дачыненні да самых безабаронных сярод людзей.

Сучасны культурны кантэкст, на думку Папы, часта пакутуе ад фрагментацыі ведаў і рэлятывізму. У такіх умовах Каталіцкі ўніверсітэт Балівіі закліканы стаць "святлом свету", інтэгруючы розум і веру, этыку і інтэлект.

Святы Айцец пажадаў акадэмічнай супольнасці з мужнасцю заставацца прасторай, дзе веды заўсёды стаяць на службе чалавеку, і даручыў усіх апецы Маці Божай, Сталіцы Мудрасці.
 

13 мая 2026, 11:27