Дыпламатыя замест зброі: Папа звярнуўся да новых паслоў

Пра важнасць вяртання да дыпламатыі ў свеце, пазначаным канфліктамі, нагадаў Леў XIV 21 мая 2026 года, прымаючы ў Ватыкане даверчыя граматы новых паслоў Сьера-Леонэ, Бангладэш, Емена, Руанды, Намібіі, Маўрыкія, Чада і Шры-Ланкі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Я рады прымаць вас у той час, калі Касцёл набліжаецца да ўрачыстасці Пяцідзясятніцы, успамінаючы, як Святы Дух сышоў на вучняў, ператвараючы страх у мужнасць, а падзелы – у адзінства, даючы ім здольнасць гаварыць на мовах усіх народаў. Спадзяюся, што падобнае бачанне адзінства зможа натхніць і свет дыпламатыі, дзе канструктыўныя адносіны паміж народамі будуць развівацца дзякуючы шчырай адкрытасці, падтрымцы ўзаемнай павагі і агульнаму пачуццю адказнасці”, - сказаў на пачатку свайго звароту Святы Айцец.

“У эпоху, калі мір спрабуюць забяспечыць з дапамогай зброі, каб зацвердзіць сваё панаванне, вельмі неабходна вярнуцца да дыпламатыі, якая заахвочвае дыялог і імкнецца да дасягнення згоды на ўсіх узроўнях: двухбаковым, рэгіянальным і шматбаковым”, - дадаў ён.

Пантыфік адзначыў, што дыялог, “ажыўлены шчырым пошукам шляхоў, здольных прывесці да міру”, патрабуе, каб словы зноў выяўлялі рэчаіснасць без скажэнняў і варожасці, бо толькі так будзе магчыма “пераадолець непаразуменні і аднавіць давер у кантэксце міжнародных адносін”.

Папа заўважыў таксама, што “шчыры і ясны дыялог” павінен “суправаджацца больш глыбокім навяртаннем сэрца: гатоўнасцю адкласці ўбок прыватныя інтарэсы дзеля агульнага дабра”. Ён нагадаў, што “ніводная краіна, ніводнае грамадства і ніводны міжнародны парадак не могуць лічыцца справядлівымі і чалавечнымі, калі вымяраюць свой поспех выключна ўладай і дабрабытам, забываючы пра тых, хто жыве на ўскраінах”.

“Менавіта гэты дух бескарыслівай салідарнасці павінен натхняць служэнне дыпламатаў і ўмацоўваць міжнародныя арганізацыі, каб ствараць прастору для сустрэчы і пасрэдніцтва. Гэтыя інстытуты працягваюць заставацца неабходнымі сродкамі для вырашэння спрэчак і падтрымкі супрацоўніцтва. У час, калі геапалітычныя напружанні працягваюць яшчэ больш раздзяляць наш свет, неабходна зрабіць іх больш прадстаўнічымі, дзейснымі і скіраванымі на адзінства чалавечай сям’і”, - сказаў Папа.

Пантыфік адзначыў, што служэнне паслоў “з’яўляецца каштоўным мостам даверу і супрацоўніцтва” паміж іх краінамі і Апостальскай Сталіцай. “Я малюся, каб нашы супольныя намаганні спрыялі адноўленай адданасці двухбаковаму і шматбаковаму супрацоўніцтву і дапамагалі прыцягваць увагу да тых, каго часта забываюць на ўскраінах нашых грамадстваў. Такім чынам мы зможам разам працаваць над закладаннем больш трывалых падмуркаў для больш справядлівага, братэрскага і мірнага свету”, - сцвердзіў Леў XIV, выказаўшы пажаданне, каб праца новых паслоў умацоўвала дыялог, паглыбляла ўзаемнае разуменне і спрыяла міру ў свеце.
 

21 мая 2026, 10:26