Папа: літургія на працягу стагоддзяў была рухавіком евангелізацыі

Змены ў літургіі пастаянна адбываліся на працягу стагоддзяў дзеля таго, каб вернікі маглі плённа ўдзельнічаць праз абрадавыя дзеянні ў пасхальнай таямніцы Хрыста – падмурку хрысціянскай веры, - заўважыў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 27 мая 2026 года на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, Леў XIV працягнуў разважанне над канстытуцыяй пра святую Літургію “Sacrosanctum Concilium”, прынятай на Другім Ватыканскім Саборы.

На пачатку Папа нагадаў словы Пія XII, які пісаў, што “Касцёл – гэта жывы арганізм, і таму таксама ў тым, што датычыць святой Літургіі, пры захаванні непарушнасці свайго вучэння, ён расце і развіваецца, дастасоўваючыся і адпавядаючы абставінам і патрэбам, якія ўзнікаюць з цягам часу” (“Mediator Dei” I,V).

Пантыфік заўважыў, што “ў поўнай пераемнасці з гэтым прынцыпам” Другі Ватыканскі Сабор ва ўступе да канстытуцыі “Sacrosanctum Concilium” прызнае сваім абавязкам “клопат пра аднаўленне і развіццё Літургіі”.

“Саборны сход быў скліканы, каб “з кожным днём развіваць хрысціянскае жыццё сярод вернікаў; лепей дастасоўваць да патрэб нашага часу тыя інстытуцыі, якія падлягаюць зменам; падтрымліваць усё, што можа аблегчыць аб’яднанне ўсіх веруючых у Хрыста; умацоўваць тое, што дапамагае заклікаць усіх людзей ва ўлонне Касцёла” (SC, 1), - нагадаў ён.

Леў XIV падкрэсліў, што “ў той гістарычны момант моцна адчувалася неабходнасць абнаўлення абрадавых формаў, праз якія на працягу стагоддзяў Касцёл здзяйсняў праслаўленне Бога і асвячэнне хрысціянскага народа”. “Дзякуючы літургічнаму руху саспела перакананне, пазней выказанае Янам Паўлам II, што “існуе вельмі цесная і арганічная сувязь паміж абнаўленнем Літургіі і абнаўленнем усяго жыцця Касцёла. Касцёл не толькі дзейнічае, але і выяўляе сябе ў Літургіі, і з Літургіі чэрпае сілы для жыцця”, - працытаваў ён словы з Апостальскага ліста “Dominicae Cenae” (13).

Па словах Папы, каб спрыяць доступу вернікаў да багацця Божых ласкаў, якія выліваюцца праз святую Літургію, Сабор вельмі выразна ўказаў кірунак: “захаваць здаровую традыцыю і адначасова адкрыць шлях да правамернага прагрэсу” (SC, 23).

“Бэнэдыкт XVI бачыў у гэтай дэкларацыі намераў “праграму рэформы” айцоў Сабору, “якая захоўвае раўнавагу паміж вялікай літургічнай традыцыяй мінулага і будучыняй”, адзначаючы, што “нярэдка традыцыю і прагрэс няўмела супрацьпастаўляюць”, хоць “у рэчаіснасці гэтыя два паняцці ўзаемадапаўняюць адно аднаго: традыцыя сама па сабе ўключае пэўны прагрэс. Нібыта рака традыцыі нясе ў сабе таксама сваю крыніцу і накіроўваецца да вусця”, - сказаў ён.

Леў XIV падкрэсліў, што “Сабор сцвярджае правамернасць такога прагрэсу, укаранёнага ў сапраўднай Традыцыі, адрозніваючы ў Літургіі “нязменныя часткі, устаноўленыя Богам”, ад частак, “падлеглых зменам, якія з цягам гадоў могуць ці нават павінны быць зменены, калі ў іх закраліся элементы, якія не зусім адпавядаюць унутранай сутнасці самой Літургіі, або калі гэтыя часткі сталі менш адпаведнымі” (SC, 21).

“Змены такога роду пастаянна адбываліся на працягу стагоддзяў дзеля таго, каб вернікі маглі плённа ўдзельнічаць праз абрадавыя дзеянні ў пасхальнай таямніцы Хрыста – падмурку хрысціянскай веры. Таму культ Касцёла “ўцелаўляўся” ў культурных формах кожнай эпохі і быў здольны ўплываць на іх і нават перамяняць іх. Так літургія на працягу стагоддзяў была рухавіком евангелізацыі. Сёння неабходна аднавіць гэтую энергію ў пераемнасці з сапраўднай і жывой каталіцкай традыцыяй, гэта значыць у дынаміцы, скіраванай на ўвядзенне вернікаў у паўнату праўды”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Пантыфік заўважыў, што айцы Сабору раілі, каб перагляд абрадаў здзяйсняўся толькі тады, калі гэтага патрабуе “праўдзівае і несумненнае дабро Касцёла”, і “з умовай, што новыя формы пэўным чынам арганічна вырастаюць з ужо існуючых” (SC, 23).

“Дзеля дабра ўсяго Касцёла кожнай рэформе павінны заўсёды “папярэднічаць дакладныя тэалагічныя, гістарычныя і пастырскія даследаванні”. Такім чынам вучэнне Сабора заклікае пазбягаць дэзарыентацыі вернікаў, адгаворваючы каго-небудзь самавольна нешта дадаваць, адымаць ці змяняць у літургічнай сферы (пар. SC, 22). Прагрэс, пра які гаворыць саборная канстытуцыя, ніякім чынам не падрывае касцёльную еднасць; наадварот, ён імкнецца яе пацвердзіць і ўмацаваць”, - сказаў Папа.

“Таму заклікаю ўсіх, хто пакліканы рыхтаваць цэлебрацыю боскіх таямніц, асабліва святароў, якія выконваюць служэнне літургічнага старшынства, заўсёды захоўваць павагу да тэкстаў і прадпісанняў Літургіі, якая нараджаецца з унутранай паставы адкрытасці і даверу да Бога, выяўляючы пакору перад Яго веліччу і шчырую вернасць касцёльнай еднасці”, - сказаў на заканчэнне катэхезы Святы Айцец.
 

27 мая 2026, 10:34

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >