Леў XIV – Араму І: я кожны дзень малюся за народ Лівана
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Пантыфік прывітаў свайго госця словамі святога Паўла: “Ласка вам і спакой ад Бога, Айца нашага, і Пана Езуса” (Эф 1,2). Ён заўважыў, што постаць Апостала народаў, які нарадзіўся ў Тарсе, на тэрыторыі Кілікіі, а карону мучаніцтва прыняў у Рыме, асаблівым чынам звязвае Кілікійскі каталікасат і Каталіцкі Касцёл.
“Святому Паўлу, дасканаламу апосталу еднасці паміж Цэрквамі, я даручаю вашу пілігрымку ў Рым. Але як не згадаць таксама пра вялікіх святых Касцёла, якія працавалі дзеля хрысціянскага адзінства? Мае думкі скіроўваюцца да святога Нерсеса Міласцівага, Каталікоса Кілікіі, якога можна лічыць піянерам экуменізму – і чыё нядаўняе ўключэнне ў Рымскі мартыралог з’яўляецца яшчэ адным прыкладам таго “экуменізму святых”, які ўжо яднае нашы Цэрквы”, - сказаў Пантыфік.
Леў XIV адзначыў, што Кілікійскі каталікасат, які размешчаны на скрыжаванні розных народаў і культур, доўгі час характарызаваўся сваім экуменічным пакліканнем, асабліва ў адносінах да Касцёла Рыма. “Гэтыя асаблівыя адносіны паміж нашымі Цэрквамі, якія былі асабліва інтэнсіўнымі ў сярэднявеччы, атрымалі новае развіццё ў XX стагоддзі і асабліва пасля Другога Ватыканскага Сабору”, - нагадаў Папа.
Пантыфік выказаў падзяку Араму І за актыўную экуменічную дзейнасць і прыхільнасць тэалагічнаму дыялогу паміж Армянскай Апостальскай Царквой і Каталіцкім Касцёлам, які вядзецца з 2003 года ў межах Сумеснай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Усходнімі Праваслаўнымі Касцёламі.
“Гэты дыялог, які карыстаецца каштоўным укладам армянскіх дэлегатаў, ужо апублікаваў тры значныя дакументы пра прыроду і місію Касцёла, пра еднасць у раннім Касцёле і пра сакрамэнты. Я шчыра спадзяюся, што, нягледзячы на нядаўнія цяжкасці, гэты дыялог будзе працягвацца з новай сілай, бо не можа быць аднаўлення еднасці паміж нашымі Цэрквамі без еднасці ў веры”, - падкрэсліў Леў XIV.
Папа звярнуў увагу таксама на сітуацыю ў роднай краіне Арама І, якую ён наведаў у снежні 2025 года. “Гэта зямля Лівана, такая дарагая майму сэрцу, якая на працягу доўгага часу паказвала ўсяму свету, што людзі розных культур і рэлігій могуць жыць разам як адзін народ, і якая і сёння працягвае перажываць цяжкія выпрабаванні. У час, калі адзінства і цэласнасць вашай краіны зноў знаходзяцца пад пагрозай, нашы Цэрквы пакліканыя ўмацоўваць братэрскія сувязі, якія яднаюць не толькі хрысціянаў паміж сабой, але і з іх братамі і сёстрамі з іншых супольнасцяў у іх агульнай радзіме. Ваша Святасць, я запэўніваю вас у маіх штодзённых малітвах і ў глыбокай занепакоенасці, якую я адчуваю за народ Лівана і за Цэрквы Блізкага Усходу”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Пасля сустрэчы, прыватнай размовы і абмену дарамі Папа Леў XIV і Каталікос Арам І накіраваліся ў капліцу Урбана VIII у ватыканскім Апостальскім палацы, дзе правялі кароткую супольную малітву.
