Леў XIV: міжрэлігійны дыялог – ключ да прадухілення радыкалізацыі

Папа падкрэсліў важнасць міжрэлігійнага дыялогу і агульнай адказнасці рэлігійных лідараў у справе міру, справядлівасці і абароны чалавечай годнасці. “Гора таму, хто выкарыстоўвае рэлігію і імя Бога ў сваіх мэтах”, - сказаў ён.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

9 мая 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю прадстаўнікоў мусульманскіх супольнасцей Сенегала. “Гэта сустрэча з’яўляецца значным выразам нашага сяброўства і нашай сумеснай дзейнасці па прасоўванні інклюзіўнага, мірнага і братэрскага грамадства”, - сказаў на пачатку сваёй прамовы Папы.

Пантыфік заўважыў, што Сенегал характарызуецца гасціннасцю, салідарнасцю і мірам паміж прадстаўнікамі розных рэлігій і этнічных груп. Ён заклікаў клапатліва захоўваць гэты “скарб братэрства”, які з’яўляецца каштоўным не толькі для краіны, але і для ўсяго чалавецтва.

Святы Айцец звярнуў увагу на шматлікія сацыяльныя праблемы афрыканскага кантынента: узброеныя канфлікты, глыбокую няроўнасць, рост гвалтоўнага экстрэмізму, міграцыю, мову нянавісці, якая атручвае грамадскую тканку, аслабленне сямейных повязяў і знікненне этычных і духоўных арыенціраў, асабліва сярод моладзі.

У гэтым кантэксце гасціннасць, салідарнасць і міжрэлігійны дыялог з’яўляюцца “каштоўнымі прыладамі для змяншэння напружанасці і будавання больш трывалага міру”, - сказаў Папа.

“Спрыяючы міжрэлігійнаму дыялогу і ўключаючы рэлігійных лідараў у ініцыятывы пасрэдніцтва і прымірэння, палітыка і дыпламатыя могуць абапірацца на маральныя сілы, здольныя памяншаць напружанасць, прадухіляць радыкалізацыю і спрыяць культуры ўзаемнай пашаны і павагі. Сёння свет патрабуе рэлігійнай дыпламатыі і дыялогу, заснаваных на міры, справядлівасці і праўдзе”, - дадаў ён.

Святы Айцец нагадаў, што і хрысціяне, і мусульмане вераць у стварэнне чалавека Богам, дзякуючы чаму ён надзелены годнасцю, якой не можа пазбавіць ніводны закон і ніводная чалавечая ўлада. У сувязі з гэтым, па словах Папы, яны разам пакліканы “асуджаць любыя формы дыскрымінацыі і пераследу па прыкмеце расы, рэлігіі або паходжання; адмаўляць любыя спробы выкарыстання імя Бога ў ваенных, эканамічных або палітычных мэтах; узнімаць свой голас на карысць кожнай меншасці, якая пакутуе”.

“Як я казаў у камерунскай Бамендзе: “Гора таму, хто выкарыстоўвае рэлігію і імя Бога ў сваіх мэтах, уцягваючы тое, што святое, у тое, што самае бруднае і цёмнае”, - падкрэсліў Пантыфік.

“Малюся, каб Бог, Усемагутны, адрадзіў у нас жаданне лепш разумець адзін аднаго, слухаць адно аднаго і жыць разам у павазе і братэрстве. Няхай Ён дасць вам мужнасць ісці шляхам дыялогу, адказваць на канфлікты жэстамі братэрства і адкрываць свае сэрцы іншым, не баючыся адрозненняў. І нарэшце малюся, каб вашы намаганні на карысць міру, справядлівасці і братэрства прынеслі багатыя плады, спрыяючы ўсё больш глыбокаму супрацоўніцтву паміж рознымі бакамі дзеля дабра чалавецтва”, - завяршыў прамову Леў XIV.
 

09 мая 2026, 13:35