2026.05.13 Udienza Generale

Леў XIV памаліўся на месцы замаху на святога Яна Паўла ІІ

На пачатку агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 13 мая 2026 года ў Ватыкане, Леў XIV памаліўся на месцы замаху на святога Яна Паўла ІІ, які адбыўся 45 гадоў таму.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Праязджаючы на папамабілі праз Плошчу Святога Пятра і вітаючы вернікаў, Папа спыніўся ля белай мармуровай пліты, устаноўленай на месцы трагічнай падзеі. Пасля кароткай прыватнай малітвы Леў XIV схіліўся над памятнай табліцай і дакрануўся да яе рукой.

Замах на святога Яна Паўла ІІ адбыўся падчас агульнай аўдыенцыі, якая праходзіла 13 мая 1981 года. Адна куля трапіла яму ў жывот, а другая ў руку. Папа быў хутка дастаўлены ў шпіталь, дзе яго неадкладна прааперыравалі. Праз 22 дні ён вярнуўся ў Ватыкан.

За сваё ўратаванне Ян Павел ІІ заўсёды быў удзячны Багародзіцы – замах адбыўся ў дзень, калі ў Касцёле ўзгадваецца першае аб’яўленне Маці Божай у партугальскім гарадку Фаціма, якое адбылося ў 1917 годзе. Менавіта туды святы Ян Павел ІІ здзейсніў свой першы візіт пасля выздараўлення.
 

13 мая 2026, 10:58