Святы Айцец: раззброіць штучны інтэлект

25 мая 2026 года ў Ватыкане прадставілі першую энцыкліку Льва XIV "Magnifica humanitas", прысвечаную выклікам штучнага інтэлекту. Пантыфік заклікаў “раззброіць” штучны інтэлект, каб ён служыў чалавеку, агульнаму дабру і цывілізацыі любові.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У звароце да ўдзельнікаў прэзентацыі Пантыфік адзначыў, што сустрэча сведчыць як пра маштаб праблемы, так і пра ўпэўненасць у тым, што ўсе разам людзі здольныя адказаць на галоўныя пытанні сучаснасці і будучыні.

Новы выклік для чалавецтва

Святы Айцец параўнаў сучасную тэхналагічную трансфармацыю з эпохай прамысловай рэвалюцыі XIX стагоддзя, адказам на якую стала энцыкліка “Rerum novarum” Льва XIII. Ён адзначыў, што Касцёл пакліканы асэнсоўваць “новыя рэчы” у святле Евангелля і годнасці чалавечай асобы.

Папа падкрэсліў, што штучны інтэлект ужо сёння ўплывае на многія сферы жыцця чалавека: змяняе спосабы вядзення вайны і прыняцця сацыяльных рашэнняў, ад якіх залежыць чалавечае суіснаванне. “Як і папярэдні Папа Леў, я адчуваю сябе пакліканым глядзець на гэтую велізарную трансфармацыю вачыма веры, з яснасцю розуму, з адкрытасцю на таямніцу і з воклічам бедных і зямлі ў маім сэрцы”, - сказаў Святы Айцец.

Энцыкліка нарадзілася з слухання

Леў XIV заўважыў, што “Magnifica humanitas” нарадзілася з слухання. Ён слухаў вучоных і інжынераў, якія з шчырым энтузіязмам працуюць над тэхналогіямі, здольнымі палегчыць чалавечыя пакуты; палітыкаў і дзяржаўных дзеячаў, якія імкнуцца выпрацаваць справядлівыя правілы; бацькоў і настаўнікаў, заклапочаных будучыняй моладзі. Ён чуў трывожныя галасы тых, хто занепакоены небяспекай аўтаномных сістэм узбраення, якія могуць выйсці з-пад чалавечага кантролю. Ён таксама выслухаў трывожныя сведчанні пра алгарытмы, здольныя абмяжоўваюць доступ людзей да аховы здароўя, працы і бяспекі на падставе прадузятых або несправядлівых даных. Пачуў ён і маўчанне тых, хто не мае голасу.

Заклік “раззброіць” штучны інтэлект

Вынікам гэтага слухання стала перакананне, якое Папа выказаў у “Magnifica humanitas”: штучны інтэлект неабходна раззброіць. Ён патлумачыў, што выбраў гэта моцнае слова наўмысна, бо цяперашні момант “патрабуе слоў, здольных прыцягнуць увагу, абудзіць сумленне і паказаць чалавецтву шлях наперад”.

Леў XIV правёў паралель з ядзерным раззбраеннем, падкрэсліўшы, што кожная вялікая тэхналогія павінна суправаджацца маральнай адказнасцю і грамадскім кантролем. Ядзернае раззбраенне застаецца служэннем міру і годнасці чалавечай сям'і.

Падобным чынам і штучны інтэлект сёння таксама патрабуе, каб яго “раззброілі”, вызвалілі ад логікі, якая ператварае яго ў інструмент панавання, выключэння або смерці. Як і ядзерная энергія, ён павінен служыць усім і агульнаму дабру. Рашэнні, якія тычацца тэхналогій, ніколі не павінны быць аддзеленыя ад сумлення і адказнасці. “Дык не будзем жа спаць, як астатнія, але чувайма”, - заклікаў апостал Павел (1 Тэс 5, 6). Такая пільнасць неабходная і сёння. Мір – гэта не проста адсутнасць вайны, гэта справядлівасць у дзеянні. Але калі тэхналогіі аслабляюць наша крытычнае мысленне, мір аказваецца пад пагрозай, - перакананы Папа.

Раззбраення недастаткова – трэба будаваць

Пантыфік адзначыў, што аднаго толькі раззбраення недастаткова, і заклікаў будаваць. Ён узгадаў свой місіянерскі досвед у Перу, дзе ў выніку разбуральных паводак 2017 года было знішчана шмат дамоў і дарог. Там ён усвядоміў, што аднаўленне азначае не толькі рэканструкцыю таго, што было разбурана, але і аднаўленне сувязяў, даверу і надзеі на будучыню. І больш за тое: ніхто не аднаўляе ў адзіночку, - заўважыў Святы Айцец.

Прэзентацыя энцыклікі  "Magnifica humanitas" у Ватыкане
Прэзентацыя энцыклікі "Magnifica humanitas" у Ватыкане

У “Magnifica humanitas” Папа спасылаецца на прарока Нээмію, які пасля разбурэння муроў Ерусаліма арганізаваў народ для адраджэння горада. На яго думку, гэты прыклад прамаўляе і да нашага часу. Штучны інтэлект можа стаць “будаўнічай пляцоўкай гісторыі” з пункту гледжання адзінства, калі будзе служыць чалавечаму жыццю і агульнаму дабру. Пантыфік заахвоціў не баяцца штучнага інтэлекту, але ўвесь час улічваць інтарэсы чалавека.

Чалавека нельга зводзіць да даных

Спасылаючыся на вучэнне Паўла VI, Папа падкрэсліў, што сапраўднае развіццё павінна ахопліваць “кожнага чалавека і ўсяго чалавека”. “Кожнага чалавека” азначае, што ніводная асоба не можа быць пакінутая на ўзбочыне лічбавай трансфармацыі. “Усяго чалавека” азначае, што нельга зводзіць людзей да прадукцыйнасці, інтэлектуальных здольнасцяў або набору даных. Чалавек нясе ў сабе свабоду, унутраны свет і пакліканне любіць і пакланяцца, якія не можа ні замяніць, ні заблакаваць ніводная машына.

Леў XIV нагадаў, што развіццё штучнага інтэлекту павінна служыць агульнаму дабру і ўсяму чалавецтву, а не інтарэсам прывілеяванай меншасці. Накіраваць тэхналогіі на служэнне чалавеку магчыма толькі праз цэласнае бачанне асобы і супольную адказнасць усіх бакоў: распрацоўшчыкаў сістэм, карыстальнікаў, дзяржаў, грамадскіх інстытутаў і людзей з розных частак свету. Ён падкрэсліў, што будучыню трэба будаваць разам, улічваючы як пазіцыю ўплывовых бакоў, так і голас перыферый.

“Цывілізацыя любові” як арыенцір для будучыні

Папа звязаў гэты падыход з ідэяй “цывілізацыі любові”, пра якую казаў Павел VI і якую развіваў Ян Павел II. Ён адзначыў, што гаворка ідзе не пра ўтапічную мару, а пра кірунак развіцця чалавецтва, адкрыты ў гісторыі Езусам Хрыстом.

Святы Айцец падкрэсліў, што Касцёл жадае ўдзельнічаць у дыскусіях пра штучны інтэлект. Ён адзначыў, што Касцёл не прэтэндуе на тэхнічныя рашэнні і не імкнецца замяніць спецыялістаў, але імкнецца нагадаць свету пра годнасць чалавека. Кожны чалавек – унікальны і незаменны, свабодны і разумны суб’ект з сумленнем, здольны шукаць Бога, служыць адзін аднаму і клапаціцца пра наш агульны дом, - нагадаў Папа.

Напрыканцы звароту Леў XIV заклікаў членаў Касцёла і ўсю чалавечую сям’ю вучыцца слухаць адно аднаго, мужна адказваць на сучасныя выклікі і супрацоўнічаць дзеля пабудовы больш братэрскага грамадства. Заклікаючы ўдзельнікаў сустрэчы быць “рамеснікамі надзеі” і працягваць будаваць будучыню, ён даручыў іх апецы Найсвяцейшай Панны Марыі і ўдзяліў благаслаўленне.

25 мая 2026, 13:33