Папа заклікаў новых біскупаў служыць адзінству і міру

Служыць тым, каго адкінуў свет, і несці надзею на перыферыі грамадства – з такім заклікам Леў XIV звярнуўся да чатырох новых дапаможных біскупаў для Вечнага горада.

Марыя Валодзіна - Vatican News

2 мая 2026 года ў Латэранскай базіліцы адбылося пасвячэнне чатырох дапаможных біскупаў для Рымскай дыяцэзіі. Урачыстую літургію ўзначаліў Леў XIV. Новымі біскупамі сталі ксяндзы Стэфана Спарапані, Алесандра Дзэнобі, Андрэа Карлевале і Марка Валенці.

У гаміліі Пантыфік падкрэсліў значэнне адзінства, служэння і асаблівай увагі да тых, каго адштурхоўвае грамадства. Ён адзначыў, што, “прытуліўшыся да Хрыста, мы становімся моцным і гасцінным домам”. Гэтая радасць асабліва адчуваецца ў Велікодны час. Папа нагадаў, што рымскі Касцёл мае ўнікальнае пакліканне да ўсеагульнасці і любові, дзякуючы сваёй своеасаблівай сувязі з Хрыстом, Уваскрослым і жывым, асновай духоўнага будынка з жывых камянёў, якім з'яўляецца святы народ Божы.

Папа назваў пасвячэнне ў біскупы чатырох святароў “народным святам”, бо новыя пастыры паходзяць з рымскага народа і доўгі час служылі яму.

Спасылаючыся на евангельскі вобраз “адкінутага каменя”, які стаў краевугольным, Святы Айцец падкрэсліў, што гэтая метафара адлюстроўвае місію Хрыста – звяртацца да адкінутых і вяртаць ім годнасць.

Чалавек становіцца “адкінутым каменем” для людзей, але абраным Богам тады, калі сваім жыццём і словам супрацьстаіць несправядлівым сістэмам, якія прыгнятаюць слабых, не паважаюць годнасць чалавека і аддаюць перавагу моцным, грэбуючы тымі, хто адстае, лічачы іх смеццем гісторыі. Езус жыў сярод людзей як бяззбройны прарок і прарок, які абяззбройвае, і нават будучы адкінутым, не адмовіўся ад свайго шляху, - нагадаў Леў XIV.

Звяртаючыся да новых біскупаў, Папа запрасіў іх разам з кардыналам-вікарыем дапамагчы яму стаць адлюстраваннем Добрага Пастыра для рымскага народа і ўсяго народа Божага, раскіданага па зямлі. Ён заклікаў новых іерархаў дасягнуць “адкінутых камянёў” Вечнага горада, каб абвясціць ім, што ў Хрысце, краевугольным камені, ніхто не выключаны. Пантыфік заахвоціў біскупаў стаць “вулічнымі пастырамі”, насіць у сэрцы матэрыяльныя і экзістэнцыяльныя перыферыі, каб Касцёл быў "палявым шпіталем", як у “Evangelii gaudium” вучыў Папа Францішак. Ніхто не павінен лічыць сябе адкінутым Богам, - сказаў Леў XIV.

Папа заклікаў новых біскупаў пазбягаць прывілеяў і жыць дзеля служэння, вітаючы, слухаючы, даруючы. Ён параіў ім “быць пастырамі, якія знаходзяць, а не якіх шукаюць”, блізкімі да святароў, дыяканаў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў, матываваць людзей і аднаўляць надзею ў супольнасцях, звяртаючыся да прыгажосці Евангелля.

Няхай уразлівыя жыхары горада, пілігрымы і турысты з усяго свету ўбачаць сапраўдны мацярынскі твар Касцёла, - пажадаў Пантыфік, даручаючы прысутных апецы Багародзіцы, вядомай у Рыме як Salus Populi Romani.

02 мая 2026, 18:52