Леў XIV цытуе ў новай энцыкліцы Толкіна, Франкла і Арэнт
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У Ватыкане 25 мая 2026 года быў абнародаваны дакумент Папы Льва XIV "Magnifica humanitas". Сярод 224 спасылак, якія змяшчае энцыкліка, аўстрыйскае каталіцкае агенцтва "Kathpress" (KAP) налічыла чатыры нечаканыя постаці, што не належаць да каталіцкай тэалагічнай традыцыі.
Святы Айцец звярнуўся да спадчыны Джона Рональда Руэла Толкіна, Віктара Франкла, Ханны Арэнт і Платона, выкарыстоўваючы іх погляды для асэнсавання этычных выклікаў сучаснасці.
Асаблівую ўвагу ў энцыкліцы прыцягвае зварот да постаці Гендальфа Белага з "Уладара пярсцёнкаў" Джона Толкіна. У 213-м абзацы дакумента Папа літаральна цытуе яго словы з трэцяга тома знакамітай трылогіі: "Наша справа – не кіраваць светам праз усе часы, а рабіць усё мажлівае ў тыя гады, на якія мы абмежаваныя, каб выкараняць зло на знаёмых нам палях, пакідаючы пасля сябе добрую глебу нашчадкам". Праз гэты мастацкі вобраз Леў XIV апісвае адказнасць Касцёла ва ўзаемадзеянні са штучным інтэлектам, падкрэсліваючы, што "цывілізацыя любові" будуецца з малых, але няспынных учынкаў вернасці.
Постаць Ханны Арэнт з’яўляецца ў тэксце там, дзе Пантыфік папярэджвае аб пагрозе абыякавасці да праўды. Спасылаючыся на яе працу 1951 года аб вытоках таталітарызму, Папа заўважае, што ідэальнымі аб’ектамі для маніпуляцый становяцца людзі, для якіх "адрозненне паміж фактамі і выдумкай і адрозненне паміж праўдай і хлуснёй больш не існуе". У лічбавую эпоху, як лічыць Святы Айцец, гэта робіцца сур’ёзным выклікам для чалавечага мыслення.
Прастору для міласэрнасці ў моманты найвялікшых трагедый Папа абгрунтоўвае думкай Віктара Франкла. Прыводзячы словы яўрэйскага псіхатэрапеўта, які перажыў нацысцкія канцлагеры, Леў XIV нагадвае ў 121-м абзацы: "Чалавек – гэта істота, якая вынайшла газавыя камеры Аўшвіца; але гэта таксама і тая істота, якая ўваходзіла ў гэтыя камеры з высока паднятай галавой, з малітвай "Ойча наш" або "Шма Ісраэль" на вуснах". Для Пантыфіка гэта служыць доказам непераможнасці чалавечага духу перад тварам любой абесчалавечанай сістэмы.
Напрыканцы энцыклікі Папа звяртаецца да Платона, закранаючы пытанні адукацыі ў век алгарытмаў. Леў XIV перасцерагае: лёгкасць, з якой штучны інтэлект дае гатовыя адказы, можа знішчыць само жаданне ставіць пытанні. Ён нагадвае антычную мудрасць пра тое, што сапраўднае разуменне патрабуе часу і намаганняў, калі розныя канцэпцыі і вопыт, падобна крэменю, труцца адзін аб аднаго, пакуль не ўспыхне іскра веды.
