Леў XIV: вера і навука пакліканы разам служыць планеце і людзям

Моцнае жаданне глыбей зразумець стварэнне ёсць не чым іншым, як адлюстраваннем таго неспакойнага жадання Бога, якое жыве ў глыбіні кожнай чалавечай душы, - заўважыў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

11 мая 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Апостальскім палацы дэлегацыю “Vatican Observatory Foundation” – фонда, які падтрымлівае дзейнасць Ватыканскай астранамічнай абсерваторыі.

Пантыфік заўважыў, што сто трыццаць пяць гадоў таму яго папярэднік Папа Леў XIII паўторна заснаваў Ватыканскую абсерваторыю, каб паказаць адкрытасць Касцёла да навукі і пераадолець супрацьпастаўленне веры і навукі, характэрнае для таго часу.

Папа адзначыў, што сёння і навука, і рэлігія сутыкаюцца з іншай, магчыма больш каварнай пагрозай: з адмаўленнем самога існавання аб’ектыўнай ісціны. “Занадта шмат людзей у нашым свеце адмаўляюцца прызнаваць тое, чаму нас ясна вучаць і навука, і Касцёл, а менавіта, што мы нясём вялікую адказнасць за кіраванне нашай планетай і за дабрабыт тых, хто на ёй жыве, асабліва самых уразлівых, чыё жыццё знаходзіцца пад пагрозай з-за безразважнай эксплуатацыі як людзей, так і прыроды. Менавіта таму прызнанне Касцёлам строгай, сумленнай навукі застаецца не проста каштоўным, а неабходным”, – сцвердзіў Леў XIV.

Пантыфік падкрэсліў, што “астраномія займае асаблівае месца ў гэтай місіі”, бо дапамагае захапляцца стварэннем, развіваць здаровае пачуццё меры, а таксама “запрашае нас убачыць нашы страхі і недахопы ў святле велічы Бога”. “Начное неба – гэта скарб прыгажосці, адкрыты для ўсіх – бедных і багатых – і ў такім балюча падзеленым свеце яно застаецца адной з апошніх крыніц сапраўды ўніверсальнай радасці”, – дадаў Папа.

Святы Айцец падзякаваў Фонду за падтрымку, якая дазваляе развіваць навуковую дзейнасць, міжнароднае супрацоўніцтва і выхаванне моладзі, а таксама робіць магчымым тое, каб тэлескопы і лабараторыі Ватыканскай астранамічнай абсерваторыі заставаліся тым, чым яны заўсёды павінны быць: месцамі, дзе з пашанай, глыбінёй і радасцю сустракаецца веліч Божага стварэння.

“Мы ніколі не павінны губляць з поля зроку тэалагічнае бачанне, якое натхняе ўсё гэта. Наша рэлігія – гэта рэлігія Уцелаўлення. Святое Пісанне вучыць нас, што ад самага пачатку Бог даваў сябе пазнаць праз створаныя Ім рэчы, і што Бог так палюбіў сваё стварэнне, што паслаў Сына свайго, каб Ён увайшоў у яго і збавіў. Таму не дзіўна, што людзі з глыбокай верай адчуваюць унутраны імпульс даследаваць паходжанне і працу сусвету. Моцнае жаданне глыбей зразумець стварэнне ёсць не чым іншым, як адлюстраваннем таго неспакойнага жадання Бога, якое жыве ў глыбіні кожнай чалавечай душы”, – падкрэсліў у завяршэнне прамовы Леў XIV.

 

11 мая 2026, 11:40