Папа: весці барацьбу з наркотыкамі, паважаючы чалавечую годнасць
Марыя Валодзіна - Vatican News
15 мая 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў Другой міжнароднай канферэнцыі па барацьбе з наркотыкамі і арганізаванай злачыннасцю ў рэгіёне АБСЕ. Сустрэча сабрала парламентарыяў і прадстаўнікоў дзяржаў-удзельніц Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе з розных краін свету ад Ванкувера да Уладзівастока. Папа назваў іх прысутнасць “сведчаннем калектыўнай рашучасці” супрацьстаяць з'яве незаконнага абароту наркотыкаў і дзейнасці злачынных сетак.
Вяршэнства закона і абарона годнасці
Папа выказаў перакананасць у тым, што вяршэнства закона, прафілактыка злачыннасці і сістэма крымінальнага правасуддзя павінны цесна супрацоўнічаць дзеля гарантыі справядлівасці і абароны чалавечай годнасці.
Ён падкрэсліў, што барацьба са злачыннасцю павінна суправаджацца захаваннем універсальных правоў чалавека. Ён адзначыў, што ніводная асоба або група не мае права парушаць годнасць і правы іншых людзей незалежна ад свайго статусу або ўлады. На яго думку, супрацьдзеянне наркагандлю патрабуе не толькі намаганняў праваахоўных органаў, але і ўдзелу грамадства на нацыянальным і міжнародным узроўнях.
Гуманны падыход да правасуддзя
Папа выказаў падтрымку ініцыятывам, накіраваным на стварэнне эфектыўнай, справядлівай і гуманнай сістэмы крымінальнага правасуддзя, здольнай прадухіляць вытворчасць і абарот наркотыкаў. Ён заявіў, што пакаранне не павінна быць адзіным адказам на злачынствы, а перавыхаванне правапарушальнікаў і іх рэінтэграцыя ў грамадства павінна заставацца важнай часткай такой палітыкі. Ён таксама нагадаў, што павага да чалавечай годнасці выключае прымяненне смяротнага пакарання, катаванняў і любых форм жорсткага або прыніжальнага абыходжання.
Дапамога пры нарказалежнасці
Святы Айцец надаў асаблівую ўвагу праблеме нарказалежнасці. Ён заклікаў развіваць комплексныя праграмы медыцынскай дапамогі, псіхалагічнай падтрымкі і працяглай рэабілітацыі людзей, якія трапілі ў рабства залежнасці. Выключна рэпрэсіўныя або, наадварот, занадта паблажлівыя меры не здольныя вызваліць людзей ад ланцугоў залежнасці і дазволіць ім зноў адкрыць для сябе ўсю паўнату дадзенай Богам годнасці, - лічыць Папа.
Адукацыя і прафілактыка
Пантыфік таксама назваў адукацыю ключом да прафілактыкі нарказалежнасці. Ён адзначыў, што дзеці і моладзь павінны атрымліваць навукова абгрунтаваную інфармацыю пра шкоду наркотыкаў для мозгу, арганізма, паводзін асобы і дабрабыту грамадства. Асаблівую небяспеку, на яго думку, уяўляе распаўсюджванне ў сацыяльных сетках небяспечнай дэзінфармацыі, якая перамяншае рызыку ўжывання наркотыкаў.
Папа з удзячнасцю нагадаў пра супрацоўнікаў праваахоўных органаў і судовай сістэмы, якія пацярпелі або загінулі пры выкананні абавязкаў у барацьбе з арганізаванай злачыннасцю. Ён адзначыў, што іх сведчанне павінна выклікаць у нас пачуцці падзякі, адказнасці і ўзмоцненай рашучасці.
Леў XIV заявіў пра гатоўнасць Касцёла паглыбляць супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю ў пытаннях дапамогі людзям, якія пакутуюць ад залежнасці. Ён таксама выказаў надзею на тое, што канферэнцыя паспрыяе развіццю міжнароднага супрацоўніцтва, эфектыўнай прафілактыкі і шчырай надзеі.
