Пантыфік у Ачэры: возьмем на сябе адказнасць і будзем служыць жыццю
Марыя Валодзіна - Vatican News
Раніцай 23 мая 2026 года ў рамках пастырскага візіту ў Ачэру Папа сустрэўся з мэрамі і жыхарамі навакольных гарадоў, якія ў апошнія дзесяцігоддзі пацярпелі ад забруджвання. Сустрэча на плошчы Каліпары была прысвечаная праблемам экалагічнага крызісу, сацыяльнай адказнасці і аднаўлення мясцовых супольнасцей у духу энцыклікі “Laudato si’”.
Прыгажосць зямлі і адказнасць чалавека
Пантыфік падкрэсліў, што ніякая несправядлівасць не можа сцерці прыгажосць гэтага італьянскага рэгіёна, аднак яе крохкасць патрабуе клопату і адказнасці. Ён прыбыў сюды, каб падтрымаць і заахвоціць “той подых годнасці і адказнасці”, які адчувае кожнае сумленнае сэрца тады, калі жыццё нараджаецца і адразу ж сутыкаецца з пагрозай смерці. Той, хто валодае дарам веры, разумее, што такі подых зыходзіць ад Творцы, які ў кожным чалавеку шукае партнёра для рэалізацыі жыццёвых планаў, - адзначыў Пантыфік.
Святы Айцец распавёў пра сваю папярэднюю сустрэчу з сем’ямі ахвяр экалагічнага забруджвання, якая прайшла ў гарадской катэдры. Ён адзначыў, што назва “зямля вогнішчаў” не адлюстроўвае ўсяго дабра, якое працягвае жыць і супраціўляцца злу ў мясцовых супольнасцях, аднак яна дапамагла грамадству ўсвядоміць маштаб нядобрасумленнасці і абыякавасці, якія дазволілі злачынцам атруціць гэтую зямлю.
Леў XIV выказаў удзячнасць біскупам, святарам, дыяканам, кансэкраваным асобам і свецкім вернікам, якія шчыра прынялі пасланне энцыклікі “Laudato si'” і заклік Папы Францішка быць місійным і сінадальным Касцёлам. “Ісці разам, перамагаць замкнёнасць, адважвацца на прароцкае сведчанне, нягледзячы на супраціў і пагрозы, - гэта тое, аб чым просіць нас Пан і на што натхняе Яго Дух”, - сказаў Папа.
Заклік выбраць жыццё
Пантыфік заўважыў, што жыццё ў гэтым рэгіёне працягвае супрацьстаяць смерці, справядлівасць існуе і ўмацоўваецца. Ён заклікаў жыхароў “выбраць жыццё і вызваліцца ад кайданоў смерці”: адмовіцца ад фаталізму, кампрамісаў, адкладвання смелых рашэнняў і перакладання віны на іншых, паколькі гэта стварае глебу для беззаконня і “апустыньвання сумленняў”. Агульнае дабро павінна быць важнейшым за прыватныя інтарэсы і эканамічную выгаду нешматлікіх груп, - нагадаў Леў XIV.
Па словах Папы, зямля Кампаніі заплаціла высокую цану за экалагічны крызіс, пахавала многіх дзяцей, стала сведкам пакут нявінных людзей. З гэтага болю павінен нарадзіцца новы экалагічны пакт. Спасылаючыся на энцыкліку “Laudato si’” (111), Пантыфік падкрэсліў, што “экалагічную культуру нельга зводзіць да серыі выпадковых і аднабаковых адказаў на праблемы, якія ўзнікаюць у сувязі з дэградацыяй навакольнага асяроддзя, вычарпаннем натуральных рэсурсаў і забруджваннем. Яна павінна быць іншым поглядам, мысленнем, палітыкай, адукацыйнай праграмай, стылем жыцця і духоўнасці, якія б надавалі форму супраціву экспансіі тэхнакратычнай парадыгмы”. Гэтая мадэль па-ранейшаму спрыяе росту канфліктаў, сацыяльнай несправядлівасці і абыякавасці да чалавека, яго працы і будучыні. Таму сапраўдныя перамены павінны пачынацца са змены погляду, - сказаў Леў XIV.
Роля выхавання
Святы Айцец надаў асаблівую ўвагу выхаваўчай місіі грамадства і Касцёла. Ён адзначыў, што сёння асабліва важна не толькі імкнуцца пакінуць дзецям лепшы свет, але і выхаваць “лепшых сыноў і дачок для свету”. Адукацыя датычыць не толькі дзяцей і моладзі, але і дарослых, палітыкаў, працадаўцаў, работнікаў, вернікаў і душпастыраў, - нагадаў ён.
Новая эканоміка
Папа зазначыў, што сапраўднае аздараўленне забруджаных зямель і ўсёй планеты патрабуе глыбокай змены эканамічнага, грамадскага і нават рэлігійнага мыслення. Паміж грамадзянамі, дзяржаўнымі ўстановамі і прыватнымі арганізацыямі неабходна ўмацаваць пакт, які ўжо прыносіць першы плён у адукацыйнай і сацыяльнай сферы. Такі альянс здольны не толькі супрацьстаяць злачынным арганізацыям, але і аб’ядноўваць лепшыя сілы грамадства, - адзначыў ён.
Святы Айцец падзякаваў актывістам-эколагам, якія першымі адкрыта заявілі пра забруджванне гэтых зямель. Ён падкрэсліў, што грамадства павінна ахоўваць стварэнне з такой жа пільнасцю, як чалавек ахоўвае ўласны дом, адкідваючы спакусы незаконнага ўзбагачэння і злоўжывання ўладай.
Леў XIV заклікаў да пабудовы менш індывідуалістычнай і менш спажывецкай эканомікі. Сучасная мадэль росту прынесла чалавецтву шмат адходаў і “атруты”, прывяла да хвароб і збяднення. Папа прапанаваў іншае разуменне багацця: праз умацаванне чалавечых адносін, служэнне агульнаму дабру, большую любоў да сваёй зямлі і адкрытасць да людзей, якія прыбываюць жыць у гэтыя мясціны.
Унутранае навяртанне
Папа заявіў, што сапраўдныя перамены могуць пачацца толькі праз унутранае навяртанне: грамадства павінна прагнуць справядлівасці больш, чым валодання і назапашвання багаццяў. Ён адзначыў, што блізкасць да чалавека азначае і большую блізкасць да Бога, Які яго стварыў. Ён заклікаў будаваць больш інклюзіўныя і згуртаваныя супольнасці, пазбягаць маргіналізацыі і палярызацыі. Святы Айцец прызнаў, што гэты шлях няпросты, бо патрабуе змяняць звычкі і пераадольваць прадузятасці.
У якасці канкрэтнага прыкладу Папа згадаў вогнішчы, якія паляць на гарадскіх ускраінах гэтага рэгіёна. Ён адзначыў, што нярэдка за гэтымі з’явамі стаяць маргіналізаваныя групы людзей, да якіх грамадства ставіцца з пагардай. Маргіналізацыя заўсёды нараджае няўпэўненасць, таму сапраўдным рашэннем павінна быць барацьба не супраць адрынутых людзей, а супраць саміх механізмаў маргіналізацыі, каб “разарваць увесь ланцуг, а не ўдарыць па апошнім звяне”.
Напрыканцы сустрэчы Пантыфік звярнуўся да постаці святога Францішка Асізскага, апекуна Італіі, нагадаўшы, што мір грунтуецца на клопаце пра бліжняга і братэрстве. Людзі жывуць у агульным доме і павінны быць яго “начнымі вартаўнікамі”, каб быць сярод тых, хто сустрэне яго новы світанак.
