Папа: перад пагрозай духоўнай беднасці не спыняць евангелізацыю
Марыя Валодзіна - Vatican News
28 мая 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Секцыі па фундаментальных пытаннях евангелізацыі ў свеце, якая ўваходзіць у структуру Дыкастэрыі па евангелізацыі. Сесія была прысвечана будучыні місіі Касцёла і перадачы веры ў сучасным грамадстве.
Святы Айцец падзякаваў супрацоўнікам Дыкастэрыі за арганізацыю леташняга Юбілею, які сабраў у Рыме мільёны пілігрымаў. Гэтая падзея запатрабавала не толькі вялікіх арганізацыйных намаганняў, але і ўвагі да духоўнага жыцця вернікаў. Святкаванне Юбілейнага года не абмежавалася чатырма рымскімі базілікамі, а адбылося таксама ў мясцовых Касцёлах па ўсім свеце.
Свет прагне надзеі
Папа адзначыў, што сучасны свет больш, чым калі-небудзь, прагне надзеі. Ён хоча жыць у міры і ўпэўненасці ў магчымасці пабудаваць грамадства, годнае дзяцей Божых. Ён заклікаў не спыняць абвяшчэнне Евангелля і быць яго вернымі вучнямі. Абвяшчэнне Слова не з’яўляецца ўтапічнай прапановай, але сведчаннем праўды і любові, якое прыцягвае людзей, - нагадаў Леў XIV.
Крызіс веры на Захадзе
Пантыфік звярнуў увагу на крызіс веры ў заходніх краінах. Ён адзначыў, што ў многіх грамадствах рэлігійная абыякавасць узмацнілася пад уплывам сацыяльна-культурных фактараў. Многія лічаць, што вера больш не мае дачынення да жыцця, а тэхналагічная культура часта падмяняе пошук сэнсу чалавечага існавання, - папярэдзіў ён.
Леў XIV падкрэсліў, што сустрэча з Хрыстом здольная вярнуць чалавеку паўнату сэнсу і каштоўнасці жыцця, і Касцёл зноў адкрывае вечную актуальнасць мандата, які ён атрымаў ад Уваскрослага Пана. Ніхто не можа замяніць Касцёл у яго місіі стварэння будучыні, заснаванага на міры, справядлівасці, свабодзе і братэрстве.
“Evangelii gaudium” як арыенцір
Святы Айцец спаслаўся на апостальскую адгартацыю Францішка “Evangelii gaudium”, якая застаецца ключавым арыенцірам для сучаснай евангелізацыі. Ён заклікаў прысутных працягваць будаваць місію Касцёла вакол керыгмы як сэрца хрысціянскай і касцёльнай ідэнтычнасці.
Моладзь і пошук духоўнасці
Пантыфік адзначыў, што многія маладыя людзі праяўляюць глыбокую цікавасць да духоўнасці і Евангелля. Гэтае імкненне асабліва выразна выразілася падчас Юбілею моладзі. Новае пакаленне не адмаўляе хрысціянскае пасланне, наадварот, шукае ў ім адказ на пытанне пра сакрэт сапраўднага шчасця.
Праблема перадачы веры
Папа звярнуў увагу на праблему перадачы веры паміж пакаленнямі. Ён адзначыў, што ў некаторых рэгіёнах свету гэтая перадача амаль перапынілася, што прывяло да духоўнай беднасці моладзі. Разам з тым ён падкрэсліў, што дзейнасць хрысціянскіх супольнасцяў, рухаў і арганізацый ва ўсім свеце дазваляе суправаджаць і слухаць моладзь, весці з ёй дыялог.
Рост колькасці катэхуменаў
Леў XIV адзначыў рост колькасці катэхуменаў, якія звяртаюцца з просьбай аб хросце. Ён падкрэсліў, што адказнасць хрысціянскай супольнасці не заканчваецца пасля цэлебрацыі гэтага сакрамэнту, бо новаахрышчаныя патрабуюць далейшага суправаджэння і падтрымкі ў іх выбары веры. Таксама Пантыфік заклікаў надаваць вялікую ўвагу моладзі, якая атрымлівае сакрамэнт канфірмацыі, каб дапамагчы ёй у духоўным і чалавечым росце.
Напрыканцы сустрэчы Святы Айцец падзякаваў супрацоўнікам Дыкастэрыі па евангелізацыі за іх служэнне Касцёлу і даручыў іх апецы Найсвяцейшай Панны Марыі, дасканалай вучаніцы і місіянеркі Евангелля, удзяліўшы сваё апостальскае благаслаўленне.
