Папа: апатыя – адна з галоўных духоўных праблем нашага часу
Аляксандр Панчанка – Vatican News
11 мая 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў Восьмага калёквіума паміж ватыканскай Дыкастэрыяй па міжрэлігійным дыялогу і іарданскім Каралеўскім інстытутам міжрэлігійных даследаванняў.
Папа адзначыў, што тэма форуму – “Чалавечае спачуванне і эмпатыя ў сучасную эпоху” – асабліва актуальная для нашага свету, бо датычыць не проста чалавечых пачуццяў, але “фундаментальных установак абедзвюх нашых рэлігійных традыцый і важных аспектаў таго, што азначае жыць па-сапраўднаму чалавечым жыццём”.
“Для нашых традыцый чалавечае спачуванне і эмпатыя не з’яўляюцца чымсьці дадатковым або неабавязковым, але Божым пакліканнем адлюстроўваць Яго дабрыню ў нашым штодзённым жыцці”, - сказаў ён.
Пантыфік адзначыў, што “гэта перакананне мае і сацыяльныя наступствы”. “Папа Леў XIII вучыў, што бедныя і маргіналізаваныя заслугоўваюць асаблівай увагі і дапамогі з боку грамадства і дзяржавы. У гэтым кантэксце я хацеў бы выказаць удзячнасць за шчодрыя намаганні Хашэміцкага Каралеўства Іарданіі па прыёме бежанцаў і дапамозе тым, хто знаходзіцца ў цяжкіх абставінах”, - сказаў Святы Айцец.
“Дарагія сябры, на жаль, спачуванне і эмпатыя сёння рызыкуюць знікнуць. Тэхналагічны прагрэс зрабіў нас больш злучанымі, чым калі-небудзь, але можа таксама весці да абыякавасці. Пастаянны паток выяў і відэа цяжкасцяў іншых можа рабіць нашыя сэрцы менш адчувальнымі, замест таго каб іх кранаць. Папа Францішак папярэджваў нас, што “мы прызвычаіліся да пакутаў іншага, думаючы, што гэта нас не датычыць, нас не цікавіць, гэта не наша справа”. Такая апатыя становіцца адной з найбольш сур’ёзных духоўных праблем нашага часу”, - сцвердзіў Леў XIV.
Пантыфік адзначыў, што “ў гэтым кантэксце хрысціяне і мусульмане, чэрпаючы з багацця сваіх традыцый, пакліканы да агульнай місіі: ажыўляць чалавечнасць там, дзе яна астыла, даваць голас тым, хто пакутуе, і ператвараць абыякавасць у салідарнасць”. “Спачуванне і эмпатыя могуць стаць нашымі інструментамі, бо яны маюць моц аднаўляць годнасць іншага чалавека”, - сказаў Папа, выказваючы пажаданне, каб Іарданія і надалей была “жывым сведчаннем такога спачування, а таксама знакам дыялогу, салідарнасці і надзеі ў рэгіёне, пазначаным выпрабаваннямі”.
