Удзельніцы агульнай аўдыенцыі з Папам Удзельніцы агульнай аўдыенцыі з Папам 

Папа на аўдыенцыі пра мір, супольнасць і дух спорту

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Леў XIV заклікаў вернікаў маліцца аб міры, абуджэнні сумленняў і нагадаў маладым атлетам аб іх місіі захавання хрысціянскай душы спорту.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Традыцыйная сустрэча з пілігрымамі, якая адбылася 20 мая 2026 года на Плошчы Святога Пятра, стала для Папы нагодай звярнуцца да розных моўных груп пілігрымаў і закрануць глыбокія духоўныя і маральныя тэмы. Ён заклікаў да малітоўнага чування і сведчання евангельскіх каштоўнасцей у штодзённым жыцці.

Святы Айцец падкрэсліў важнасць малітвы аб абуджэнні сумленняў і абароне ад зла ў чаканні Пяцідзясятніцы.

Сярод значных касцельных падзей Святы Айцец адзначыў саракавую гадавіну выхаду ў свет энцыклікі святога Яна Паўла ІІ "Dominum et Vivificantem". Вітаючы польскіх католікаў, Леў XIV нагадаў, што Дух Святы з'яўляецца "Святлом сумлення", якое дазваляе чалавеку беспамылкова называць па імені дабро і зло. У гэтым кантэксце Наступнік Пятра заклікаў няспынна прасіць Божага Духа аб абуджэнні сумлення людзей, каб адхіліць іх ад несправядлівасці, насілля і вайны, і такім чынам абнавіць аблічча зямлі.

Далей тэма міру і братэрства знайшла свой працяг падчас прывітання італьянскіх вернікаў. Леў XIV з радасцю паведаміў, што благаславіць "Паходню прабачэння і міру", дастаўленую з базілікі Святой Рыты ў Кашыі. Гэты сімвал яднае італьянскіх вернікаў духоўнымі сувязямі з амерыканскім горадам Чыкага.

Асобную ўвагу Папа надаў выхаванню моладзі. Звяртаючыся да ўдзельнікаў маніфестацыі, арганізаванай “Рухам этыкі ў спорце”, Пантыфік падзякаваў маладым атлетам і нагадаў ім пра іх высакародную місію – ахоўваць душу спорту. Ён падкрэсліў, што сапраўднай мэтай спартыўных спаборніцтваў не з'яўляецца выключна матэрыяльная перамога. Галоўнае – гэта павага да саперніка, лаяльнасць падчас гульні і інклюзія кожнага чалавека.

На заканчэнне аўдыенцыі Леў XIV скіраваў сваё слова да моладзі, хворых людзей і маладых сужэнцаў. Ён пажадаў кожнаму з іх заўсёды служыць Богу ў радасці і любіць сваіх бліжніх, кіруючыся невычэрпным евангельскім духам.
 

20 мая 2026, 11:05