Леў XIV віншуе Тавадраса II з Днём копта-каталіцкага сяброўства
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Святы Айцец распачаў сваё пасланне велікодным прывітаннем, нагадваючы, што традыцыя святкавання гэтага дня была запачаткавана яго папярэднікам Францішкам па ініцыятыве самога Тавадраса II. Для хрысціян сяброўства не з’яўляецца проста пачуццём, яно ляжыць у самім сэрцы веры, бо сам Хрыстус называе нас сваімі сябрамі.
Леў XIV адзначае, што менавіта праз паглыбленне асабістых стасункаў з Хрыстом Касцёлы здольныя ўмацоўваць сувязі паміж сабой. Гэты “паломніцкі шлях сяброўства” дазволіў пераадолець стагоддзі неразумення і перайсці да плённага тэалагічнага дыялогу, які пачаўся больш за 50 гадоў таму дзякуючы намаганням Паўла VI і Шэнуды III.
Леў XIV выказаў надзею на хуткі аднаўленне працы Змяшанай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Усходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі. Ён падкрэсліў, што дасягнутыя за апошнія дзесяцігоддзі вынікі сведчаць аб росце ўзаемаразумення, якое павінна весці да выканання малітвы Хрыста “каб усе былі адно”.
На думку Папы, разважанне над 1700-годдзем Нікейскага Сабора павінны распаліць жаданне дасягнуць бачнага адзінства, укаранёнага ў адзіным Хрысце.
У кантэксце сучасных выклікаў Леў XIV заўважыў, што ў час, калі свет пакутуе ад шматлікіх канфліктаў, асабліва на Блізкім Усходзе, хрысціяне павінны як ніколі імкнуцца да поўнай еднасці. Гэта дасць магчымасць разам сведчыць аб Збаўцы, абапіраючыся на заступніцтва шматлікіх мучанікаў, якія пацярпелі за імя Хрыста.
На заканчэнне паслання Папа даверыў шлях коптаў і католікаў да поўнай камуніі кіраўніцтву Духа Святога.
