Леў XIV: вытворчасць піва, святы Аўгустын і экалагічная этыка
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Вітаючы гасцей у сэрцы Апостальскай Сталіцы, Пантыфік падзякаваў за іх візіт, прымеркаваны да гадавіны яго абрання на Пасад Пятра. Папа з удзячнасцю прыняў дары – традыцыйную прадукцыю старой нямецкай піваварні, убачыўшы ў гэтым жэсце не проста даніну павагі, але нагоду паразважаць пра глыбокую сувязь паміж штодзённай працай і духоўнымі каштоўнасцямі.
Першым важным акцэнтам прамовы стала сувязь мюнхенскай дэлегацыі з Ордэнам аўгустынцаў. Леў XIV прызнаўся, што духоўнасць святога Аўгустына мае вялікае значэнне для яго асабістага шляху. Ён падкрэсліў, што кожны чалавек валодае ўнікальнымі талентамі, якія з’яўляюцца Божым дарам.
Другі пункт разважанняў Святога Айца быў непасрэдна звязаны з экалагічнай спадчынай яго папярэдніка – Папы Францішка. Згадваючы першую гадавіну яго смерці, Леў XIV спаслаўся на знакамітую энцыкліку "Laudato si’", прысвечаную клопату пра навакольнае асяроддзе. Ён нагадаў, што ўся веліч стварэння, якая ўключае і жывёл, і ежу, і напоі, з’яўляецца адлюстраваннем бязмежнай любові Створцы.
Як адзначыў Пантыфік у сваім звароце, кожны элемент прыроды – "нібы ласка Бога". Усведамленне гэтага накладае на чалавека сур’ёзны маральны абавязак: не проста карыстацца рэсурсамі зямлі, але рабіць гэта мудра і справядліва.
На заканчэнне аўдыенцыі Святы Айцец заклікаў мюнхенскіх гасцей спрыяць справядліваму і эфектыўнаму клопату пра прыроду як у прафесійнай дзейнасці, так і ў прыватным жыцці. Ён даручыў усіх прысутных і іх сем’і заступніцтву Марыі, Маці Касцёла, і ўдзяліў сваё благаслаўленне.
