Папа ў Пяцідзясятніцу: Дух Уваскрослага – гэта Дух міру і праўды
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Звяртаючыся да вернікаў, Святы Айцец нагадаў пра першы дзень пасля шабату, калі ўваскрослы Езус прыходзіць да вучняў і паказвае ім свае раны. Гэтыя знакі мукі прамаўляюць больш, чым любыя словы: Той, хто памёр, жыве вечна.
Пантыфік адзначыў, што прысутнасць Пана вяртае да жыцця і саміх апосталаў, якія хаваліся ў страху. Хрыстус праходзіць праз нашу смерць, адчыняе магілу і дае супакой, удзімаючы Духа Святога. Месца здрады становіцца для ўсяго Касцёла ўлоннем уваскрасення.
Тлумачачы таямніцу ўрачыстасці, Папа вылучыў тры важныя аспекты, пачаўшы з таго, што Дух Уваскрослага – гэта Дух міру. Гэты мір пачынаецца з прабачэння, якое дорыць сам Езус, здраджаны, асуджаны і ўкрыжаваны намі.
Леў XIV падкрэсліў, што Пан давярае нам боскую справу прабачэння грахоў, каб прынесці паўсюднае паяднанне. Дух Святы змяняе гісторыю свету, пішучы святы закон любові ў сэрцах людзей і ў целе Хрыста, якім з’яўляецца Касцёл.
Другім вымярэннем, на якое звярнуў увагу Леў XIV, стала місія. З сілай Духа Святога вернікі далучаюцца да пасланніцтва Езуса. Апосталы, атрымаўшы Подых Уваскрослага, пачынаюць абвяшчаць “вялікія справы Божыя”, якія зводзяцца да адкуплення.
Папа нагадаў, што ўвесь Касцёл з’яўляецца галоўным героем Евангелля, а не толькі яго захавальнікам. Дух Святы пераўтварае гісторыю, змяняючы зямную блытаніну на камунію з Богам і паміж сабой.
Трэці аспект – гэта Дух праўды, які заўсёды спрыяе еднасці. Леў XIV працытаваў святога Аўгустына, адзначыўшы, што дар моў дазваляе разумець адно аднаго ў адзінай веры. Суцяшыцель абараняе ад усяго, што перашкаджае гэтаму паразуменню: ад крывадушнасці, фальшу і модных тэндэнцый, якія засланяюць святло Евангелля. Пантыфік дадаў, што праўда застаецца вызваляючым словам, якое знутры змяняе любую культуру.
Напрыканцы гаміліі Святы Айцец заўважыў, што Дух Святы сыходзіць пастаянна, у тым ліку праз сакрамэнты: хрост, канфірмацыю і пасвячэнне.
Леў XIV завяршыў прамову гарачай малітвай, просячы абараніць свет ад зла вайны, якая перамагаецца не звышдзяржавамі, а ўсемагутнасцю любові, а таксама вызваліць чалавецтва ад галечы і вылечыць ад ран граху дзеля адкуплення ўсіх народаў.
