Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа змяніў парадак выдалення вышэйшых настаяцеляў кляштараў

Леў XIV надаў Дыкастэрыі па справах кансэкраванага жыцця права ўпаўнаважваць дыяцэзіяльных біскупаў выдаваць дэкрэты аб выдаленні вышэйшых настаяцеляў кляштараў.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

25 сакавіка 2026 года падчас аўдыенцыі для кардынала-дзяржсакратара П’етра Параліна Пантыфік зацвердзіў спецыяльны рэскрыпт, які непасрэдна тычыцца жыцця манаскіх супольнасцей і ўносіць істотныя карэктывы ў працэдуры, звязаныя з дысцыплінарнымі пытаннямі на ўзроўні дыяцэзій.

Такое рашэнне Леў XIV прыняў, зважаючы на тое, што яшчэ яго папярэднік Папа Францішак станоўча выказваўся наконт такой ініцыятывы. Новая норма тычыцца складаных сітуацый, звязаных з кіраваннем у манаскіх структурах.

Згодна з тэкстам рэскрыпта, Дыкастэрыя па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця цяпер мае права дазваляць кампетэнтнаму дыяцэзіяльнаму біскупу выдаваць дэкрэт аб выдаленні (паводле канона 699 § 2 Кодэкса кананічнага права), калі асоба, якая падлягае выдаленню, з’яўляецца вышэйшым настаяцелем кляштара. Гэта дазваляе больш аператыўна і на належным узроўні вырашаць дысцыплінарныя пытанні ў закрытых манаскіх структурах.

Святы Айцец распарадзіўся апублікаваць дакумент у "L’Osservatore Romano" і ў афіцыйным бюлетэні "Acta Apostolicae Sedis". Новыя правілы набываюць моц адразу пасля абнародавання.
 

28 мая 2026, 12:02