Леў XIV падчас прамовы ў катэдры Ачэры Леў XIV падчас прамовы ў катэдры Ачэры 

Папа з пастырскім візітам у Ачэру: малітва і заклік да сумлення

23 мая 2026 года раніцай пачаўся візіт Льва XIV у італьянскую Ачэру. Пантыфік пажадаў наведаць “Зямлю агнёў”, каб выказаць блізкасць сем’ям, якія пакутуюць ад наступстваў экалагічных праблем у рэгіёне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Суботняя раніца Святога Айца пачалася з кароткага падарожжа. Каля 8.00 верталёт з Пантыфікам на борце ўзняўся з Ватыканскага геліпорта, накіроўваючыся ў бок Неапаля. Гэта паездка стала выразам асаблівай бацькоўскай увагі Папы да складаных выпрабаванняў, з якімі сутыкаюцца мясцовыя жыхары.

Палёт да Кампаніі працягваўся крыху больш за 40 хвілін. Пасля прызямлення ў Ачэры Святы Айцец апынуўся ў атмасферы радасці і надзеі. Галоўная мэта гэтага імклівага пастырскага візіту – быць побач з людзьмі, якія жывуць на тэрыторыі, вядомай як “Зямля агнёў”, і падзяліць іх боль.

Леў XIV у катэдры Ачэры
Леў XIV у катэдры Ачэры   (ANSA)

Цэнтральнай падзеяй знаходжання Папы ў горадзе стала наведванне мясцовай катэдры Унебаўзяцця. У сценах святыні Пантыфік правёў сустрэчу з мясцовым духавенствам, якое нясе сваё служэнне ў гэтым няпростым рэгіёне.

Голас тых, хто пакутуе ад абыякавасці

Падчас свайго выступлення перад біскупамі, духавенствам, манахамі і сем'ямі ахвяр забруджвання навакольнага асяроддзя Леў XIV звярнуў увагу на тое, што прыроднае і грамадскае асяроддзе рэгіёна было атручана смяротным спалучэннем цёмных інтарэсаў і абыякавасці да агульнага дабра. Гэтая сітуацыя патрабуе глыбокага навяртання.

У катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны МарыіСвяты Айцец прызнаўся, што прыйшоў найперш для таго, каб выцерці слёзы тых, хто страціў сваіх блізкіх у выніку забруджвання, выкліканага безадказнымі асобамі і арганізацыямі.

Падчас візіту Льва XIV у катэдру Ачэры
Падчас візіту Льва XIV у катэдру Ачэры

Папа выказаў удзячнасць мясцоваму Касцёлу, які не пабаяўся выступіць з прарочым асуджэннем зла і згуртаваў людзей у надзеі. Ён прапанаваў вернікам паразважаць над бачаннем прарока Эзэхіэля пра даліну, поўную сухіх касцей. Гэтае біблейскае падабенства стала метафарай сучаснага знішчэння экасістэмы, якую калісьці называлі “Campania felix” – шчаслівай і ўрадлівай зямлёй, якая ўражвала сваім багаццем, а сёння яна патрабуе ўваскрашэння.

Выбіраць не абыякавасць, а адказнасць

Перад абліччам разбурэнняў Пантыфік заклікаў выбраць не абыякавасць, а адказнасць. Ён падкрэсліў, што нават сярод тэхналагічнай цывілізацыі павінна нараджацца сапраўдная чалавечнасць, якая праяўляецца праз “настойлівы супраціў” усяму несапраўднаму і разбуральнаму. Паводле слоў Папы, супольнасць павінна сама стаць адказам на пытанне, ці змогуць гэтыя землі адрадзіцца.

Падчас візіту Льва XIV у катэдру Ачэры
Падчас візіту Льва XIV у катэдру Ачэры

Звяртаючыся да сем’яў, якія сутыкнуліся са смерцю блізкіх, Леў XIV заклікаў іх станавіцца крыніцай новага жыцця, перадаючы дзецям і суседзям пачуццё адказнасці. Пантыфік параіў пакінуць крыўду і першымі практыкаваць тую справядлівасць, якой яны патрабуюць ад іншых. Духавенства і законных асоб ён заклікаў да служэння, якое дапаможа выкараніць культуру прывілеяў і самавольства.

На заканчэнне сустрэчы Святы Айцец пажадаў, каб Дух Святы стаў для жыхароў Ачэры не агнём, які знішчае, а агнём, які сагравае і аздараўляе сэрцы. Ён падкрэсліў, што любыя змены ў свеце пачынаюцца з унутранага абнаўлення чалавека. Толькі “сэрца з плоці”, здольнае жыць паводле Божых законаў, можа стаць трывалым падмуркам для грамадскага і экалагічнага адраджэння.

Падчас візіту Льва XIV у катэдру Ачэры
Падчас візіту Льва XIV у катэдру Ачэры   (@Vatican Media)

Асаблівае месца ў праграме было адведзена непасрэднай размове з сем’ямі ахвяр “Зямлі агнёў”. Пантыфік прагнуў выказаць сваю глыбокую салідарнасць кожнай сям’і, якая пацярпела ад трагедый, звязаных з экалагічнай сітуацыяй.

Гэты кароткі візіт павінен стаць для ўсёй мясцовай супольнасці знакам таго, што Касцёл падзяляе пакуты людзей і не пакідае іх сам-насам з выпрабаваннямі.
 

23 мая 2026, 09:59