Святы Айцец: Еўропе патрэбны новы подых “дэмаграфічнай вясны”
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
25 мая 2026 года Леў XIV сустрэўся з чальцамі групы Еўрапейскага парламента па дэмаграфіі. У аўдыенцыі таксама прынялі ўдзел Еўрапейскі камісар па пытаннях Міжземнамор'я, італьянскі міністр па справах сям'і, нараджэння і роўных магчымасцяў, а таксама Спецыяльны прадстаўнік АБСЕ па дэмаграфічных зменах і бяспецы.
Пантыфік падкрэсліў, што ўвага да дэмаграфічных пытанняў з'яўляецца надзвычай актуальнай, бо гэтая сфера тоіць у сабе выклікі для мільёнаў людзей.
Дзеці – гэта не лічбы ў статыстычных справаздачах, а наша адзіная рэальная будучыня
Святы Айцец нагадаў словы свайго папярэдніка Францішка пра тое, што Еўропа ператвараецца ў “стары кантынент” не толькі ў выніку сваёй слаўнай гісторыі, але і з прычыны сталага ўзросту насельніцтва.
Пантыфік заўважыў, што дэмаграфічныя звесткі не павінны ўспрымацца як сухая статыстыка, бо яны “гавораць пра бацькоўства, мацярынства і дзяцей”. На яго думку, развіццё кантынента немагчымае без трывалай салідарнасці паміж пакаленнямі, якой сёння ў Еўропе відавочна не хапае.
Адмова ад хрысціянскіх каранёў вядзе да духоўнай і культурнай стэрыльнасці грамадства
Леў XIV звярнуў увагу на небяспечную тэндэнцыю: адмова ад хрысціянскага натхнення, якое было ўласцівае айцам-заснавальнікам Еўрасаюза, прывяла да “часу рэзкай стэрыльнасці”. Гэта праяўляецца не толькі ў нізкай нараджальнасці, але і ў няздольнасці перадаць моладзі культурныя інструменты для будавання будучыні.
Папа раскрытыкаваў супярэчлівыя палітычныя рашэнні, якія нібыта падтрымліваюць сям'ю, але адначасова прасоўваюць аборт як права і дыскрымінуюць мацярынства.
У цэнтры вырашэння гэтых праблем, паводле слоў Пантыфіка, павінна стаяць чалавечая годнасць і сям'я, якую святы Ян Павел II называў “першай і незаменнай школай грамадскасці”. Леў XIV нагадаў, што сям'я заснавана на сужэнстве мужчыны і жанчыны – рэальнасці, якая аб'ядноўвае асабістае і грамадскае жыццё.
Ён заклікаў палітыкаў прытрымлівацца прынцыпу субсідыярнасці, каб пазбегнуць празмернага ўмяшання дзяржавы і крайняга індывідуалізму.
Новы подых вясны здольны перамяніць зімовы холад грамадства, якое старэе
На заканчэнне сустрэчы Папа высока ацаніў супрацоўніцтва Групы з Еўрапейскай федэрацыяй асацыяцый каталіцкіх сем’яў (FAFCE) і Камісіяй Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE).
Леў XIV падкрэсліў, што хрысціянскі ўклад у еўрапейскі праект заключаецца ў абароне годнасці кожнага чалавека. “Толькі новы подых вясны зможа перамяніць зімовы холад нашых народаў, якія старэюць”, - падсумаваў Святы Айцец, удзяляючы прысутным сваё благаслаўленне.
