Папа: любоў да бедных сведчыць пра вернасць Сэрцу Езуса

Служэнне патрабуючым з’яўляецца “адчувальным доказам сапраўднасці любові да Бога”, нагадаў Святы Айцец падчас сустрэчы з каталіцкімі дабрачынцамі з ЗША.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

18 мая 2026 года Папа Леў XIV прыняў дэлегацыю амерыканскай каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “The Catholic Extension Society”. Святы Айцец заахвоціў сваіх гасцей працягваць місію падтрымкі бедных каталіцкіх супольнасцяў і ўмацавання Касцёла там, дзе ён мае найбольшую патрэбу ў дапамозе.

Пантыфік заўважыў, што сустрэча адбываецца напярэдадні ўрачыстасці Пяцідзесятніцы – моманту, які мае ключавое значэнне для жыцця Касцёла. Ён звярнуў увагу на досвед першых хрысціянаў, якія пасля атрымання Святога Духа пачалі абвяшчаць Евангелле ўсім, ствараючы супольнасці, “заснаваныя на братэрскай еднасці і навучанні апосталаў, якія умацоўваліся і сілкаваліся Эўхарыстыяй і малітоўным жыццём”.

“Той самы запал, які падштурхоўваў хрысціянаў ранняга Касцёла дзяліцца навіной пра Езуса Хрыста і дарам Духа, больш за 120 гадоў таму натхніў і вашага заснавальніка, айца Фрэнсіса Клемента Кэлі. Ён імкнуўся дасягнуць аддаленых супольнасцяў веры па ўсёй тэрыторыі Злучаных Штатаў, каб прынесці ім жыццё Хрыста праз сакрамэнты і падтрымку з боку больш шырокай каталіцкай супольнасці. Гэты місіянерскі запал патрэбны і сёння, і таму я хацеў бы падзякаваць вам за вашыя няспынныя намаганні ў служэнні патрэбам найбольш бедных каталіцкіх супольнасцяў як у Злучаных Штатах, так і за мяжой”, - сказаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў важнасць працы “Catholic Extension” на Кубе і ў Пуэрта-Рыка, назваўшы яе “цудоўным выразам паўсюднасці Касцёла” і напамінам пра тое, што “любоў да бліжняга з’яўляецца адчувальным доказам сапраўднасці любові да Бога”. Ён таксама заахвоціў да пастырскай апекі над беднымі і сем’ямі мігрантаў у ЗША.

“Ранні Касцёл сведчыць пра тое, што ўсюды, дзе існуе сапраўдная супольнасць веры, хрысціянская міласэрнасць натхняе яе членаў аблягчаць пакуты іншых і клапаціцца пра тых, хто жыве ў нястачы, асабліва пра бедных. Таму любоў да бедных можна разглядаць як “евангельскі знак Касцёла, вернага сэрцу Бога”, а таксама як магчымасць для тых, каму мы служым, глыбей пазнаць Пана праз сведчанне Яго любові”, - сцвердзіў Пантыфік.

У завяршэнне прамовы Леў XIV заклікаў амерыканскіх вернікаў працягваць служэнне з радасцю і шчодрасцю, даверыўшы іх апецы Найсвяцейшай Панны Марыі, і ўдзяліў апостальскае благаслаўленне.
 

18 мая 2026, 12:31