Папа – дабрачынцам: мір дасягаецца праз цэласнае развіццё чалавека

Пантыфік падзякаваў арганізацыі, якая ўжо шмат гадоў падтрымлівае дабрачынныя праекты ў розных рэгіёнах свету. Такім чынам яна не толькі ўдзельнічае ў евангелізацыйнай місіі Касцёла, але і садзейнічае ўмацаванню міру на мясцовым і рэгіянальным узроўнях.

Марыя Валодзіна - Vatican News

2 мая 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане кіраўніцтва, папячыцеляў і членаў дабрачыннай арганізацыі “Папскі фонд” (ЗША) з нагоды іх пілігрымкі ў Рым. Вітаючы дэлегацыю, ён адзначыў, што хоць гэта іх першая сустрэча, ён ужо знаёмы з дзейнасцю фонду. Падчас свайго служэння біскупам у Чыклаё ён на ўласныя вочы пераканаўся ў станоўчым уплыве праектаў, якія фінансуюцца арганізацыяй.

Папа выказаў глыбокую ўдзячнасць за падтрымку місіі пераемніка святога Пятра і заўважыў, што дзейнасць фонду працягвае пашырацца ва ўсім свеце. Ён з задавальненнем адзначыў рост колькасці членаў фонду і іх гатоўнасць павялічваць дапамогу.

Пантыфік нагадаў, што візіт дабрачынцаў у Рым прыпадае на Велікодны перыяд, калі асноўная ўвага надаецца місіі і міру. Пасля Уваскрасення Езус даручыў апосталам абвяшчаць Евангелле. Папа і біскупы, як пераемнікі апосталаў, працягваюць гэтую задачу, а ўсе ахрышчаныя падзяляюць з імі гэтую адказнасць. Спасылаючыся на пасланне апостала Якава, які пісаў, што “вера без учынкаў мёртвая”, Святы Айцец заахвоціў гасцей праяўляць сваю веру праз клопат пра бедных і найбольш уразлівых.

Фінансуючы гуманітарныя праекты, адукацыйныя праграмы і стыпендыі, Папскі фонд удзельнічае ў евангелізацыйнай місіі Касцёла. Дзякуючы гэтай падтрымцы многія святары і кансэкраваныя асобы атрымалі вышэйшую адукацыю ў Папскіх універсітэтах Рыма, у будучыні яны могуць стаць лідарамі мясцовых Касцёлаў. “Верагодна, вы ніколі не сустрэнеце ўсіх тых, каму дапамагла ваша дабрыня, таму ад іх імя я выказваю шчырую ўдзячнасць”, - сказаў Леў XIV, дадаючы, што адзін з такіх святароў сядзіць на аўдыенцыі побач з ім.

Святы Айцец зрабіў акцэнт на тэме міру. Ён нагадаў словы Хрыста “Супакой вам” (Ян 20:19), і падкрэсліў, што Езус і сёння жадае, каб Яго паслядоўнікі былі прыладамі міру. Акрамя спрыяння евангелізацыйнай місіі Касцёла, намаганні фонду таксама садзейнічаюць умацаванню міру на рэгіянальным і мясцовым узроўнях. Святы Павел VI пісаў, што развіццё – гэта новае імя міру. Пад гэтым ён разумеў, што сапраўдная гармонія дасягаецца не толькі праз адсутнасць канфліктаў, але і праз цэласнае развіццё чалавека. Таму садзейнічанне прагрэсу з дапамогай ініцыятыў, якія падтрымлівае фонд, з'яўляецца верным спосабам заахвочвання згоды паміж супольнасцямі і людзьмі, - падкрэсліў Папа.

Напрыканцы сустрэчы Пантыфік падзякаваў прысутным за іх служэнне, папрасіў працягваць маліцца аб яго місіі і аб патрэбах Касцёла, даверыў іх заступніцтву Марыі, Маці Касцёла, і ўдзяліў апостальскае благаслаўленне.

Дзейнасць “Папскага фонду”

У 2026 годзе дабрачынная арганізацыя “Папскі фонд” выдзеліла больш за 15 мільёнаў долараў на фінансаванне 144 праектаў у 75 краінах свету. Сярод ініцыятыў – будаўніцтва інтэрната для дзяўчат у Танзаніі, школа для маргіналізаваных дзяцей у Індыі, бібліятэка і тэхналагічны цэнтр у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, IT-праграмы для ўразлівых жанчын на Філіпінах, водныя рэзервуары ў Гвінеі. Сродкі накіроўваюцца таксама на будаўніцтва і рэканструкцыю каталіцкіх школ, класаў, кляштараў, дзіцячых дамоў і медыцынскіх устаноў.

Пілігрымка дабрачынцаў "Папскага фонду" у Рым
Пілігрымка дабрачынцаў "Папскага фонду" у Рым   (@Vatican Media)
02 мая 2026, 12:43