Пантыфік: маліцца аб адзінстве хрысціян і міры на Блізкім Усходзе
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Каталікос Арам І і члены дэлегацыі, якія суправаджаюць яго падчас візіту ў Рым, прынялі ўдзел у традыцыйнай сустрэчы Пантыфіка з вернікамі, якая адбылася 20 мая 2026 года на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.
“Гэты братэрскі візіт з’яўляецца важнай нагодай для ўмацавання сувязяў еднасці, якія ўжо існуюць паміж намі, у той час як мы набліжаемся да поўнага адзінства паміж нашымі Цэрквамі”, - сказаў Леў XIV.
“Ваша Святасць, у гэтыя дні, калі мы рыхтуемся да Пяцідзясятніцы, я прашу аб ласцы Святога Духа для Вашай пілігрымкі да магіл апосталаў Пятра і Паўла і запрашаю ўсіх прысутных горача маліцца Пану, каб Ваш візіт і сустрэчы сталі яшчэ адным крокам на шляху да поўнага адзінства. Молімся таксама аб міры ў Ліване і на Блізкім Усходзе, якія зноў пакутуюць ад гвалту і вайны”, - заахвоціў Святы Айцец.
Леў XIV выказаў падзяку Араму І за нястомны асабісты клопат пра развіццё экуменізму і падтрымку міжнароднага тэалагічнага дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Усходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі.
“Шчыра вітаю Вас, Ваша Святасць, дарагія епіскапы і дарагія сябры! Давайце разам памолімся праз заступніцтва святога Грыгорыя Асветніка, святога Грыгорыя з Нарэка, святога Нэрсэса Міласцівага, а ў першую чаргу Найсвяцейшай Багародзіцы, каб яны асвятлялі наш шлях да паўнаты той еднасці, якой усе мы прагнем”, - завяршыў сваё прывітанне Папа.
