Пантыфік – банкірам: прыбытак і салідарнасць могуць ісці поруч
Марыя Валодзіна - Vatican News
16 мая 2026 года Леў XIV сустрэўся ў Ватыкане з прадстаўнікамі італьянскіх банкаў і крэдытных устаноў, заклікаўшы іх ставіць у цэнтр сваёй дзейнасці чалавека, а не толькі прыбытак і капітал.
Служыць агульнаму дабру
Пантыфік адзначыў, што банкі і крэдытныя арганізацыі Італіі ўзнікалі ў розныя гістарычныя перыяды, але іх аб’ядноўвала неабходнасць падтрымліваць прадпрымальніцтва, дзяржаўныя і прыватныя фінансы, а таксама садзейнічаць устойліваму эканамічнаму росту краіны.
На думку Льва XIV, гэтыя ўстановы дапамагалі больш справядліва размяркоўваць багацце паміж людзьмі, прадпрыемствамі і дзяржаўнымі структурамі, робячы фінансавыя рэсурсы больш даступнымі для грамадства. Гэта сацыяльная функцыя добра ўпісваецца ў місію, ускладзеную Богам на чалавека: быць захавальнікам тварэння.
Спалучаць імкненне да прыбытку з салідарнасцю
Дзякуючы канцэнтрацыі капіталу, банкаўская сістэма здольная як спрыяць агульнаму дабрабыту, так і, у адмоўным выпадку, паглыбляць беднасць, калі капітал выкарыстоўваецца выключна для назапашвання ў эгаістычных мэтах, падкрэсліў Святы Айцец.
Папа адзначыў, што прадстаўнікі фінансавага сектара могуць рабіць дабро, не толькі дзейнічаючы сумленна, але і выхоўваючы ў грамадстве разумнае і адказнае стаўленне да выкарыстання рэсурсаў. Ён заклікаў банкіраў спалучаць у сваёй дзейнасці адчувальнасць, інтэлект, сумленнасць і міласэрнасць, каб прыбытак і салідарнасць не супрацьпастаўляліся адзін аднаму.
Холад алгарытмаў
Пантыфік звярнуў увагу на ўплыў сучасных тэхналогій і алгарытмічных сістэм на адносіны паміж людзьмі. Ён папярэдзіў, што высокая камп'ютарызацыя фінансавых паслуг не павінна прыводзіць да страты чалавечага кантакту. Людзі, якія звяртаюцца па банкаўскія паслугі, павінны адчуваць прысутнасць людзей, гатовых выслухаць і дапамагчы, а не холад алгарытмічных сістэм, якімі б эфектыўнымі і матэматычна дакладнымі яны ні былі.
На думку Льва XIV, банкі могуць значна ўплываць не толькі на эканоміку, але і на культурнае развіццё грамадства. Ён заклікаў гасцей “нагадваць тым, хто занадта лёгка схіляецца да матэрыяльных каштоўнасцяў”, пра неабходнасць заўсёды ставіць чалавека ў цэнтр сацыяльных і эканамічных працэсаў.
Падтрымліваць культуру
Пантыфік таксама адзначыў важнасць гуманітарных і культурных праектаў, якія падтрымліваюць італьянскія банкі. Ён заклікаў банкіраў працягваць дзейнасць у духу ўзаемнай падтрымкі і салідарнасці, падкрэсліўшы, што менавіта з гэтых этычных каштоўнасцяў некалі і нарадзіліся банкі.
Напрыканцы сустрэчы Папа заклікаў фінансавыя ўстановы не забывацца пра міласэрнасць і рабіць яе кіруючым крытэрыем дзейнасці. Ён падзякаваў прысутным за іх працу і благаславіў, даручыўшы заступніцтву Панны Марыі.
