Вернікі падчас малітвы на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане Вернікі падчас малітвы на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане  (@Vatican Media)

Нядзеля з Папам: Сахель, віншаванні маці і копцка-каталіцкае сяброўства

На заканчэнне сустрэчы з вернікамі на малітве “Уладарка Неба”, якая прайшла 10 мая 2026 года ў Ватыкане, Леў XIV скіраваў некалькі зваротаў з нагоды актуальных падзей у свеце.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Я з хваляваннем даведаўся пра навіны аб росце гвалту ў рэгіёне Сахель, у прыватнасці ў Чадзе і Малі, якія пацярпелі ад нядаўніх тэрарыстычных нападаў. Запэўніваю ў маёй малітве за ахвяр і ў блізкасці да ўсіх, хто пакутуе. Заклікаю спыніць усякія формы гвалту і падтрымліваю ўсе намаганні на карысць міру і развіцця на гэтай дарагой зямлі”, - сказаў Папа.

Леў XIV нагадаў, што 10 мая кожны год адзначаецца Дзень копцка-каталіцкага сяброўства. “Пераказваю братэрскае прывітанне Яго Святасці Папу Тавадрасу ІІ і запэўніваю ў маёй малітве ўсю дарагую Копцкую Царкву, з надзеяй, што наш шлях сяброўства прывядзе нас да дасканалай еднасці ў Хрысце, які назваў нас “сябрамі””, - падкрэсліў ён.

Святы Айцец адзначыў гасціннасць жыхароў Канарскіх астравоў і падзякаваў ім за прыняцце круізнага карабля “Hondius” з хворымі на хантавірус. “Я рады, што змагу сустрэцца з вамі ў наступным месяцы падчас майго візіту на астравы”, - дадаў ён.

На заканчэнне сустрэчы Пантыфік сказаў некалькі слоў з нагоды Дня маці, які 10 мая адзначаецца ў многіх краінах Еўропы. “Праз заступніцтва Марыі, Маці Езуса і нашай Маці, давайце будзем з любоўю і ўдзячнасцю маліцца за кожную маці, асабліва за тых, якія жывуць у самых складаных умовах”, - заахвоціў Папа.
 

10 мая 2026, 12:52