Святы Айцец пра прыярытэты каталіцкай дабрачыннасці ў ЗША
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сустрэча Пантыфіка з прадстаўнікамі найбуйнейшай каталіцкай дабрачыннай сеткі Злучаных Штатаў Амерыкі ў Ватыкане стала глыбокім духоўным разважаннем над сутнасцю хрысціянскага служэння.
Звяртаючыся да гасцей, Святы Айцец падкрэсліў, што знаходжанне ў сэрцы Касцёла павінна дапамагчы ім стаць бліжэй да Сэрца Хрыста, у чыёй любові кожны чалавек пакліканы ўдзельнічаць.
Леў XIV шчыра казаў пра цяжар, які штодня нясуць супрацоўнікі дабрачынных арганізацый. Ён прызнаў, што абвяшчэнне Евангелля праз клопат пра бедных заўсёды будзе сутыкацца з перашкодамі: ад недахопу сродкаў да неразумення з боку грамадства. Асабліва балючым, паводле слоў Папы, з’яўляецца спакуса расчаравання, якая ўзнікае тады, калі немагчыма дапамагчы ўсім людзям, якія знаходзяцца ў патрэбе, у патрэбнай ступені.
Аднак менавіта ў такія моманты, як адзначыў Пантыфік, трэба нанова пачуць голас Езуса: "Я з вамі заўсёды!". Папа нагадаў, што Хрыстус набліжаецца да сваіх вучняў менавіта ў хвіліны сумневаў, як Ён зрабіў гэта для святога Тамаша і падарожных у Эмаус. "Ваша праца па-ранейшаму дае прывілеяваную магчымасць дзяліцца радасцю Уваскрасення", - запэўніў Святы Айцец.
Пантыфік звярнуў увагу на тое, што матэрыяльная дапамога – толькі адзін бок місіі. Галоўная мэта – несці любоў Сэрца Езуса, у якой людзі знойдуць спакой і павагу да сваёй годнасці. Спасылаючыся на сваю апостальскую адгартацыю "Dilexi Te", Папа падкрэсліў: "Любоў да бліжняга з’яўляецца адчувальным доказам сапраўднасці нашай любові да Бога".
Для Льва XIV важна, каб сацыяльная праца не ператваралася ў сухую філантропію. Ён патлумачыў, што праз дапамогу абяздоленым самі супрацоўнікі атрымліваюць духоўны дар: гэта дазваляе ім дакрануцца да плоці Хрыста, бачачы Яго ў нашых братах і сёстрах. Такім чынам, кожны акт міласэрнасці становіцца сустрэчай са Збаўцам, Які прысутнічае сярод нас.
На заканчэнне Папа заклікаў дабрачынцаў дазволіць пасхальнай надзеі накіроўваць іх служэнне. Даручыўшы місію "Catholic Charities USA" заступніцтву Беззаганнай Панны Марыі, апякункі Злучаных Штатаў Амерыкі, ён удзяліў сваё апостальскае благаслаўленне як залог міру і велікоднай радасці.
