Папа прыняў прэм’ера Судана: размова аб міры ў Ватыкане
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сустрэча Пантыфіка з кіраўніком суданскага ўрада прайшла ў Ватыкане раніцай у панядзелак, 11 мая 2026 года. Гэты візіт працягнуўся ў фармаце дыпламатычных перамоў у Дзяржаўным сакратарыяце, дзе высокага госця прынялі кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін і мансеньёр Міхейца Блаж, намеснік сакратара па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.
Падчас сардэчнай размовы бакі спыніліся на значнасці адносін паміж Святым Пасадам і Суданам, адзначыўшы важную ролю мясцовага Касцёла. Як паведамляе Зала Друку Святога Пасада, была падкрэслена істотная дапамога каталіцкай супольнасці, якую яна аказвае дзеля дабрабыту ўсёй краіны, што становіцца асабліва важным у часы выпрабаванняў.
Асноўная частка дыскусіі была прысвечана драматычнаму становішчу, у якім апынуўся Судан. Краіна ўжо тры гады пакутуе ад жорсткага крызісу, выкліканага вайной, што патрабуе неадкладных і рашучых дзеянняў з боку як унутраных сіл, так і міжнароднай супольнасці.
У кантэксце мірнага ўрэгулявання ўдзельнікі сустрэчы зноў заявілі аб надзённай патрэбе ў дасягненні пагаднення аб спыненні агню. Было адзначана, што першачарговымі крокамі павінны стаць аказанне дапамогі насельніцтву і пачатак шчырага дыялогу паміж усімі бакамі суданскага народа з мэтай спынення канфлікту і калектыўнага ўсталявання міру.
